Павел Севярынец: Без вызвалення палітвязняў ЕЗ не пойдзе на саступкі Лукашэнку

Беларускі палітык мяркуе, што пазіцыя Еўразвязу ў дачыненні да правоў чалавека ў Беларусі цяпер стала больш прынцыповай, чым прагматычнай.

– Вы бралі ўдзел у сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з дэлегацыяй Еўрапарламента. Якія вашы ўражанні ад стасункаў з еўрапейскімі палітыкамі?

– Агульнае ўражанне ад сустрэчы такое, што еўрапейцы, з аднаго боку, хочуць выкарыстоўваць геапалітычную сітуацыю, звязаную з Украінай, і аддаліць Беларусь і рэжым Аляксандра Лукашэнкі ад Расеі. Але з іншага боку, яны разумеюць, што рэжым не хоча ісці ні на якія змены, а аддае перавагу рухацца азербайджанскім шляхам. На сённяшні дзень я ўбачыў у пазіцыі еўрапейцаў больш прынцыповасці, чым прагматызму. Прынамсі, сярод палітыкаў, што ўяўляюць Еўрапарламент, ёсць разуменне, што калі Лукашэнка не вызваліць палітвязняў, ні пра якія сур\’ёзныя паслабленні, а тым больш пра прызнанне выбараў, размовы і быць не можа. Дзве рэчы больш за ўсё турбуюць палітыкаў з дэлегацыі Еўрапарламента: гэта вызваленне палітвязняў і сітуацыя з так званымі “выбарамі”. Ілюзій у гэтых людзей няма, большасць з іх – гэта палітыкі, якія даўно працуюць паводле беларускай праблематыкі.

– А якія канкрэтныя заявы былі агучаныя дэлегацыяй у сувязі з праблемай палітвязняў у Беларусі?

– Прынамсі, Багдан Здраеўскі, які ўзначальвае групу аб Беларусі ў Еўрапарламенце, заявіў, што пазіцыя Еўропы з палітвязнямі ў Беларусі з\’яўляецца прынцыповай. І без іх вызвалення рэжым Лукашэнкі можа не разлічваць на сур\’ёзныя паляпшэння стасункаў з Еўразвязам. Акрамя таго, еўрапейскія палітыкі падкрэслілі, што не прызнавалі і не прызнаюць без правядзення свабодных выбараў ніжнюю палату беларускага парламента – так званую «палатку».

– Напярэдадні візіту быў агучаны намер дэлегацыі Еўрапарламента сустрэцца са сваякамі беларускіх палітзняволеных. Гэтыя сустрэчы адбыліся?

– У праграме візіту гэта сапраўды было. Магчыма, наша сустрэча, прадстаўнікоў апазіцыі, адбывалася раней, бо пра сустрэчу з сем\’ямі палітвязняў мне нічога не вядома. Гэта трэба непасрэдна цікавіцца ў сваякоў палітвязняў.

Хартыя\’97