Навіны

Алесь Бяляцкі: Лукашэнка прадаўжае гандляваць палітвязнямі

Дыктатар прадаўжае гуляць з лёсам палітвязняў, як котка з мышкай.

Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адказвае на пытанне «Радыё Свабода», ці сапраўды ў свеце зменшылася ўвага да праблемы правоў чалавека ў Беларусі, тлумачыць, чаму ў нашай краіне перапоўненыя турмы і дае прагноз, ці вызваляць Мікалая Статкевіча да даты «прэзідэнцкіх выбараў».

– За апошнія месяцы ў многіх беларусаў складваецца ўражанне, што ў свеце зменшылася ўвага да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і што цяпер большую вагу набываюць геапалітычныя матывы. Ці згодныя Вы з такой ацэнкай?

– На жаль, я вымушаны пагадзіцца, што такая чысціня і фатаграфічная выяўнасць у ацэнцы сітуацыі ў Беларусі цяпер відавочна размылася. Гэта адбылося, сапраўды, за апошнія месяцы, пасля візіту сюды высокіх еўрапейскіх палітыкаў – сярод іншых, кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны. Пасля гэтага візіты пайшлі адзін за адным, і беларуская старана, натуральна, зацікаўленая ў гэтым, бо яна хоча нармалізацыі палітычных і, перш за ўсё, эканамічных стасункаў з Еўразвязам. А ЕЗ, улічваючы агульную геапалітычную сітуацыю, вымушаны «змазваць» свае ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі.

– А можа ў тым не варта бачыць толькі негатыўныя наступствы? Бо працэс «уцягвання» Беларусі ў супольныя праекты можа прычыніцца да таго, што афіцыйны Менск будзе баяцца занадта парушаць правы чалавека, бо гэта пазбавіць яго тых патэнцыйных выгод, да якіх ён імкнецца?

Бяляцкі: Працэс «уцягвання» такіх аўтарытарных рэжымаў, як беларускі, абсалютна неэфэктыўны. 20 гадоў Еўропа спрабуе ўцягнуць Беларусь у нейкія агульныя праекты. І зазвычай гэта заканчваецца «крокам наперад, двума назад».

У нашай сітуацыі я веру слову Аляксандра Лукашэнкі, што стратэгічным партнёрам для беларускіх улад з\’яўляюцца расейскія ўлады. І эканамічныя, вайсковыя і палітычныя хаўрусы з Расеяй безумоўна пераважаюць над гэтым невялікім пацяпленнем стасункаў паміж уладамі Беларусі і Еўразвязам.

– Перад выбарчай кампаніяй 2010 адбывалася пэўная лібералізацыя, але яна скончылася вядомымі драматычнымі падзеямі пасля 19 снежня. Ёсць падставы меркаваць, што цяперашняе змякчэнне нораваў можа скончыцца большай жорсткасцю пасля прэзідэнцкіх выбараў?

– Абсалютна. Можа паўтарыцца сітуацыя 2010 года, але гэта залежыць ад актыўнасці, упартасці беларускага грамадства, узроўню палітычнай, грамадскай, сацыяльнай чыннасці. Мы чуем цяпер мяккія словы, калі сцелюць мяккую саломку, але ў той жа час адбываецца пераслед пэўных моладзевых груп. Гэта датычыцца і анархістаў, і футбольных заўзятараў. Спецслужбы, міліцыя, пракуратура, нягледзячы на ласкавыя словы, працягваюць сваю жорсткую палітыку процідзеяння тым групам, якія, на іх думку, з\’яўляюцца небяспечнымі для гэтай улады. І гэтая сітуацыя можа быць у кожны момант распаўсюджаная на больш шырокія колы.

– Гэта значыць, яны змянілі тактыку і стараюцца не ствараць выпадкаў, якія могуць выклікаць вялікі розгалас у СМІ, не чапаць, напрыклад, вядомых палітыкаў?

– Тое ж самае было ў 2010 годзе. Мы памятаем, што перад выбарамі ў турме апынуліся анархісты –Ігар АліневічМікалай Дзядок, а потым ужо адбылося 19 снежня. І цяпер мы бачым тую ж самую сітуацыю – рэпрэсіўны апарат гатовы, змазаны, стаіць на нізкім старце, і ў кожны момант пасля загаду яны зробяць тое, што зрабілі ў 2010 годзе.

– Што змянілася ў беларускіх турмах за апошнія 10-15 гадоў?

– Нездарма кажуць, што турма – гэта маленькая копія самой дзяржавы. У беларускай турме адбываецца тое ж самае, што і ў беларускай дзяржаве, але ў больш канцэнтраваным, згушчаным выглядзе. І апошні ліст, які перадаў на волю палітвязень Ігар Аліневіч, выдатна апісвае атмасферу страху, недаверу, здушэнне асабістай годнасці, якія існуюць у беларускіх турмах. Яны па-ранейшаму накіраваны на тое, каб знішчыць індывідуальнасць, зняважыць чалавека, гэта спадчына савецкіх турмаў прасочваецца і ў сённяшніх турмах. Хоць пакаленні мяняюцца, і калі яшчэ 15 гадоў таму ў турмах збівалі ўсіх палітычных зняволеных, то цяпер гэта адбываецца ў лакальным парадку. Але мэта тая самая – трымаць іх пад поўным кантролем.

– Афіцыйныя ўлады часам заяўляюць, што хочуць паменшыць колькасць зняволеных у краіне, кажуць аб гуманізацыі Крымінальнага кодэкса. Але выходзіць так, што пасля кожнай амністыі праз некаторы час колькасць зняволеных зноў вяртаецца да ранейшай лічбы. Гэта беларусы настолькі злачынныя людзі ці такое заканадаўства?

– Безумоўна, заканадаўства ў нас значна больш сібернае, чым трэба. Шмат людзей, якія знаходзяцца ў турмах, не павінны там сядзець. Іх трэба прыцягваць да адказнасці, але не звязанай са зняволеннем. Гэта датычыцца і аліментнікаў, і дробных крадзяжоў, калі чалавек мог адрабіць на працы.

– Але тут вінаватая толькі палітычная сістэма ці ж людзі ў Беларусі патрабуюць больш строгіх пакаранняў, «больш саджаць», не папускацца і гэтак далей?

– Такія ж грамадства ёсць побач, напрыклад, у Літве, дзе рэформы прычыніліся да імклівага змяншэння людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні. І там не прыніжаецца чалавечая годнасць зняволеных у такіх маштабах, як у Беларусі. І я сам асабіста вітаю амністыі – хоць бы такім чынам людзі, якія не ўчынілі цяжкіх парушэнняў, выходзяць на свабоду. Але саму сістэму пакарання трэба сур\’ёзна пераглядаць і змяняць.

– На сёння самы вядомы зняволены ў Беларусі – гэта палітычны вязень, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Які Ваш прагноз – ці вызваляць яго да «прэзідэнцкіх выбараў»?

– На жаль, Лукашэнка працягвае гульню з лёсам палітвязняў як котка з мышкай. Адзінае, што ён сказаў напэўна – тое, што лёс Статкевіча знаходзіцца ў ягоных руках. І гэта вельмі абуральна, бо паказвае, што прававая сістэма ў нас замкнёная на адным чалавеку. Але я спадзяюся, што Мікалай Статкевіч выйдзе на волю. Бо калі адбудуцца «выбары», а Статкевіч будзе заставацца ў турме, то гэта ставіць вельмі вялікія пытанні аб сумленнасці і шчырасці таго чалавека, які на сёння ў нас з\’яўляецца кіраўніком дзяржавы.

– 12 жніўня – дзень нараджэння Статкевіча. Што б Вы хацелі яму зычыць?

– Сёння адзін з самых гарачых дзён. Я б зычыў, каб гэтая спякота хутчэй скончылася. І каб пасля гэтага Мікалаю было прасцей пераносіць тыя цяжкасці зняволення, якія прыпалі на ягоную долю.