Навіны

Валянцін Стэфановіч – беларускім уладам: Няма чаго на люстэрка наракаць

Беларускія ўлады прадаўжаюць антыправаабарончую рыторыку.

Падчас сустрэчы з прэм\’ер-міністрам Пакістана Наваз Шарыфам 11 жніўня старшыня “палаты прадстаўнікоў” Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ўзаемная падтрымка ў ключавых пытаннях для дзвюх дзяржаў дазволіць паспяхова адстойваць свае інтарэсы ў ААН, піша ПЦ “Вясна”.

“У нашых краін шмат агульных інтарэсаў, што абумоўлівае падабенства пазіцый, у тым ліку ў міжнародным парадку дня. Узаемадзеянне Беларусі і Пакістана ў рамках Арганізацыі Аб\’яднаных Нацый носіць узважаны канструктыўны характар. Акрамя таго, мы разам выступаем супраць выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці інструмента палітычнага ціску на суверэнную дзяржаву”, – заявіў ён.

З гэтай нагоды намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што такая антыправабарончая рыторыка неаднаразова гучала ў выступах афіцыйных прадстаўнікоў дзяржавы, у тым ліку і на Генеральнай Асамблеі ААН, і, між іншым, пра гэта не раз казаў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

“Беларусь пастаянна крытыкуе краіны Захаду, што яны ўсіх павучаюць, каму-небудзь што-небудзь навязваюць, а ў нас тут нібыта нейкі свой шлях. Але правы чалавека – гэта ўніверсальныя каштоўнасці. Яны не павінны парушацца ні ў Францыі, ні ў Беларусі , ні ў іншых краінах. Напрыклад, прымусовая праца застаецца прымусовай працай, незалежна ад таго, дзе яна мае месца: у Пакістане, ЗША ці ў Беларусі. І нічога дзіўнага няма ў тым, што Беларусь неаднаразова крытыкавалася ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў асноўных міжнародных арганізацыях – ААН і АБСЕ, што запускала механізмы спецдакладчыкаў у дачыненні да Беларусі”, – кажа праваабаронца.

“Калі дзяржава прыкладае намаганні, каб правы чалавека не парушаліся (а яны парушаюцца ў розных краінах, толькі ўзровень парушэнняў розны), то гэта адна сітуацыя. Але калі дзяржава лічыць, што хто-небудзь штосьці ёй навязвае і аказвае ціск, – то не дапушчайце такіх парушэнняў!” – дадае ён.

Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што ідэі культурнага рэлятывізму вельмі папулярныя сярод тых дзяржаў, якія найбольш крытыкуюцца за парушэнні правоў чалавека.

“І Пакістан тут – таксама яркі прыклад. Улады гэтай краіны заўсёды моцна крытыкуюцца праваабаронцамі – і за наяўнасць смяротнага пакарання (уваходзіць у сусветныя лідары па колькасці вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў), і за парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў у самых розных сферах, і за дыскрымінацыю (у тым ліку і дыскрымінацыю жанчын), і за іншыя праблемы, – нагадвае Валянцін Стэфановіч. – Але, вядома, вінаваты хтосьці – хто выкарыстоўвае праваабарончую тэматыку ў мэтах “аказання ціску на дзяржавы, якія праводзяць незалежную палітыку”.

Праваабаронца называе вельмі сімвалічным і красамоўным той факт, што лаўрэатам Нобелеўскай прэміі свету 2014 стала Малала Юсуфзай – школьніца з Пакістана, якая змагаецца за права на адукацыю для мусульманскіх дзяўчат і жанчын і праз сваю праваабарончую дзейнасць ледзь не пазбавілася жыцця.

“І пры гэтым улады Пакістана будуць заяўляць пра нейкі ціск?! Тут мне толькі ўспамінаецца прымаўка: “Няма чаго на люстэрка наракаць, калі рожа крывая”, – кажа Валянцін Стэфановіч.

З апошніх выказванняў такога роду з боку беларускіх чыноўнікаў прадстаўнік ПЦ “Вясна” ўспамінае словы старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай падчас ліпеньскай канферэнцыі АБСЕ ў Вене, дзе ён выступаў таксама.

“У Вене Ярмошына казала, што, маўляў, міжнародныя назіральнікі не павінны выкарыстоўвацца для ціску на незалежныя дзяржавы. Дык вы выконвайце рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, праводзьце дэмакратычныя і свабодныя выбары – не будзе і ніякай крытыкі. Усё ж вельмі проста. А калі хочаце махляваць, як звычайна робіце, то і крытыка будзе”, – падсумаваў праваабаронца.