ПалітвязніУзнагарода

Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі

7 кастрычніка 2022 году, калі ў Осла агучылі імёны новых ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру і калі першым прагучала ягонае імя, Алесь Бяляцкі ўжо 1 год і тры месяцы знаходзіўся ў галоўнай менскай турме — СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Сьледзтва нібыта вядзецца, але ніякіх дэталяў ні сябрам, ні калегам не перадаюць, адвакатам пад падпіскай забаронена нешта расказваць, лісты даходзяць толькі да сваякоў і моцна цэнзуруюцца.

Так, зь першага зьняволеньня Бяляцкага рэжым у Беларусі стаў больш жорсткім, амаль таталітарным. Можа, яшчэ ня так, як у Нямеччыне часоў Асецкага і ў Кітаі часоў Лю Сяобо. Хоць і ў Беларусі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі маўчаць пра другую ў гісторыі Нобэлеўскую прэмію, прысуджаную грамадзяніну краіны.

Хіба што за выключэньнем абразаў у Тэлеграме з боку прапагандыста Рыгора Азаронка і абурэньня прэсавага сакратара МЗС Анатоля Глаза. Гэтая рыторыка, сапраўды, нагадвае заявы нямецкіх нацыстаў і кітайскіх камуністаў пра прэміі сваім зьняволеным дысыдэнтам.

Алесь Бяляцкі ў 2011 годзе адрэагаваў на пагрозу першага крымінальнага перасьледу і турэмнага зьняволеньня прыблізна як Асецкі ў 1930-х гадах. Ён тады сьвядома не пакінуў Беларусь, што яму раілі сябры, ён катэгарычна адмовіўся, бо бачыў сябе толькі на радзіме ў рэалізацыі сваёй справы жыцьця — адстойваньня правоў чалавека, дапамогі палітвязьням. І сам стаў палітвязьнем.

Калі ў 2021 годзе хмары над праваабаронцамі зноў пачалі згушчацца, калі ўжо арыштавалі Марфу Рабкову, Алесь Бяляцкі таксама разумеў пагрозу новага арышту, але зноў застаўся ў Беларусі разам са сваімі паплечнікамі. І зноў апынуўся яшчэ з 6 лідэрамі «Вясны» за кратамі.

Але ўнікальнасьць ягонай справы жыцьця ў тым, што і гэта не разбурыла праваабарончы рух, які годна сустрэў рэпрэсіўную машыну Лукашэнкі ў 2020-м і працягвае эфэктыўную працу без сваіх лідэраў ва ўмовах фактычнага тэрору. Гэта паказвае моц грамадзтва Беларусі і дае спадзеў, што справа Алеся Бяляцкага і прэмія яму дапамогуць урэшце прывесьці Беларусь да лепшай будучыні.

YouTube player