Навіны

Анатоль Лябедзька: Працягнем змагацца за пашырэнне прасторы свабоды

Лідар Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наведаў Берасце, дзе падаў заяўку на пікеты, даў прэс-канферэнцыю і адкрыў выставу да 20-годдзя АГП, паведамляе «Радыё Свабода»

Анатоль Лябедзька з кіраўніком берасцейскай абласной арганізацыі АГП Уладзімірам Вуекам наведалі гарвыканкам, куды аднеслі заяўку на 10 пікетаў на 22 лістапада «для папулярызацыі партыйнай праграмы «Мільён новых працоўных месцаў».

Падчас прэс-канферэнцыі Анатоль Лябедзька прааналізаваў вынікі выбарчай кампаніі. Ён заявіў, што адной з задач выбарчай кампаніі было сабраць доказы аб адсутнасці свабодных і справядлівых выбараў і такім чынам не дапусціць легітымізацыі выбарчай кампаніі.

«Значная частка сабраных фактаў легла ў аснову тых высноў, якія зрабіла місія АБСЕ. І там чорным па белым напісана, што кампанія, якая прайшла, не адпавядае стандартам АБСЕ. Легітымізацыі вынікаў гэтай выбарчай кампаніі няма», – кажа Лябедзька.

Палітык заявіў, што цяпер разам з Статкевічам і Някляевым працуе на «пашырэнне прасторы свабоды», распавёў пра перспектывы аб\’яднання апазіцыі, аб перагаворных працэсах паміж рознымі апазыцыйнымі структурамі.

На пытанне, ці спадзяецца Лябедзька, што заяўкі на 10 пікетаў будуць задаволеныя, і ці будуць у адваротным выпадку ў Берасці праводзіцца акцыі без дазволу ўладаў, палітык адказаў:

«З Някляевым і Статкевічам мы размаўлялі. Я казаў, што мы падаем заяўкі на пікеты ў розных рэгіёнах. І калі нам дадуць дазвол, то мы сто адсоткаў прыедзем. Калі дазволу не будзе – то 51%, што нехта з нас усё роўна прыедзе. Калі гарвыканкам адмовіць, то мы ўсё роўна тут нешта правядзем – не 10 пікетаў, а адзін. Я сабе ўжо пазначыў 22-га, каб не забіваць гэты дзень іншымі мерапрыемствамі», – сказаў Анатоль Лябедзька.

Пасля прэс-канферэнцыі лідар АГП адкрыў выставу, прымеркаваную да 20-годдзя партыі.