Аператару «Белсату» разбілі галаву. Цяпер ён на Акрэсціна
Падчас стрыму з аднаго з выбарчых участкаў у Менску чацвёра міліцыянтаў збілі аператара Андруся Козела. Наш калега быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на «Фэйсбуку». Козела заўтра будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Менску.
Спачатку Козела адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Чайчыц бачыла, як яго выводзілі з машыны. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго вінавацяць у «нападзе на міліцыянтаў». Як паведамляе журналістка Вольга Чайчыц, «ягонай галавой разбілі шкло, ідзе кроў».
«Нанеслі чатыры ўдары па галаве», – паспеў напісаць Андрэй у «Фэйсбуку».
У РУУС Цэнтральнага раёну Менску нам паведамілі, што чалавека з імем Андрусь Козел да іх «не дастаўлялі».
Пазней стала вядома, што Козела адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна.
Андруся Козела заўтра будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Менску.