Навіны

"Беларускі балкон"

Былы кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Мікалай Статкевіч каментуе падзеі ва Украіне і Расіі:

“Здаецца, што відавочны паварот украінцаў да ЕС ставіць крыж на планах Крамля адбудаваць новы цэнтр сілы. Бо адной Расіі разам з сярэднеазіяцкімі краінамі і Беларуссю для гэтага не хапае. Мо таму вырашылі хоць кавалак ад Украіны адкусіць. Але што будзе з расійскай эканомікай і з самой Расіяй, калі Захад увядзе рэальныя эканамічныя санкцыі?

Прыйдзецца пад Кітай тады класціся. А таму можа захацецца вярнуць “свае спрадвечныя тэрыторыі” ў Сібіры і на Далёкім Усходзе. Ды і NATO пад Курскам будзе.

Безумоўна, адхапіць такі спакуслівы кавалак зямлі – гэта заманліва. Зямля ж застанецца, а санкцыі пройдуць. Таму Расія зараз і ў эйфарыі. Але, як бы гэта не разваліла імперыю да канца.

І які лёс цяпер чакае нашу краіну? “Беларускага балкону” ў атачэнні NATO? Колькі можна быць перадавым акопам, які столькі ўжо разоў здавалі за апошнія 200 гадоў. Варта ўзгадаць, колькі чалавечых жыццяў нам гэта каштавала кожны раз. І ізноў улезлі. Бракуе элементарнага стратэгічнага прагназавання. Толькі б перахапіць грошай пад чарговую кампанію, а там – хоць трава не расці.”

13 сакавіка 2014 года
Магілёў, турма №4