Актуальна

Прэзэнтацыя кнігі Дашкевіча: такога не чакалі

Ва ўправе БНФ 22 сакавіка адбылася прэзэнтацыя кнігі былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк». Усе часткі кнігі напісаныя за кратамі і апісваюць, зразумела, турэмнае жыцьцё. А ў ёй, як кажа сам аўтар, такое ж грамадзтва, такія ж людзі.

«Я пасьля Шаламава (Варлам Шаламаў, аўтар кнігі „Калымскія аповеды“ — рэд.) думаў, што ўжо няма чаго пра турму напісаць, — казаў Зьміцер, распачынаючы прэзэнтацыю. — Але калі трапіў у камэру, калі пабачыў, як людзі ядуць, а замест відэльцаў у іх футаралы ад зубных шчотак, то зразумеў — можна».

Пачалася прэзэнтацыя кадрамі зь фільму «Люблю Беларусь». На імправізаванай «сцэне» сядзела ўсё ўжо не малое сямейства Дашкевічаў: бацькаВячаслаў Дашкевіч, Зьміцер і ягоная жонка Наста, якую, здаецца, нарэшце адвыклі называць па дзявочым прозьвішчы Палажанка.

«Я Зьмітра ведаю 8 гадоў, і большую частку гэтага часу ён правёў у турмах», — сказаў пастар царквы Яна Прадвесьніка Антоні Бокун.

І Зьміцер і Наста — прыхаджане гэтай царквы. Тое, што ягоны сьветапогляд цалкам рэлігійны, Зьміцер падкрэсьліваў спрэс. «У турме я зразумеў: адзінае, што я магу і мушу тут рабіць, — гэта гаварыць пра Ісуса Хрыста».

А бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч згадаў пра першую адседку. Апавёў, як угаворваў сына яшчэ ў 2006 годзе не вяртацца з Амэрыкі, бо ведаў, што яго тут чакае турма. Але Зьміцер вярнуўся.

Адкрыў Вячаслаў Дашкевіч і «тайну» месца нараджэньня Зьмітра. Аказваецца, нарадзіўся Зьміцер у роднай вёсцы ягонай маці Вольгі. «У вёсцы Багуцічы Ельскага раёну, дзе ягоная маці нарадзілася, у тым самым раддоме, дзе ягоная маці нарадзілася, і прымала яго тая ж акушэрка, якая маці прымала», — з гонарам апавёў Вячаслаў.

Надта павесяліла прысутных і згадка пра тое, што Зьміцер маленькім быў падобны да малога Леніна.

У яго жыцьцёвы і турэмны досьвед нашмат большы, як у кнізе апісана. Хай далей піша

Фраза «чакалі большага» — таксама аўтарства Дашкевіча-старэйшага. Ён заявіў, што кнігу даўно прачытаў, але «чакаў большага». «Хай не крыўдуе, я яму яшчэ раз паўтару, — з накідною строгасьцю прамовіў бацька. — У яго жыцьцёвы і турэмны досьвед нашмат большы, як у кнізе апісана. Хай далей піша».

Выраз падхапілі іншыя выступоўцы. Уладзімер Някляеў, лідар «Гавары праўду», апавёў жыцьцёвую гісторыю пра народнага паэта Генадзя Бураўкіна. Маўляў, нядаўна ён яму прызнаўся, што ніколі ня піў тэкілы, а ў гэтым годзе паэту ўжо будзе 78 гадоў.

Тады Някляеў узяў з сабою пляшку, паехаў дахаты да Бураўкіна, які толькі нядаўна выйшаў з больніцы. Разам угаварылі жонку паэта, якая, натуральна, клапацілася пра здароўе мужа:

«Угаварылі. Разьлілі, расклалі „соль, тэкіла, лімон,“ — усё як трэба, — артыстычна апавядаў Някляеў. — Генадзь Мікалевіч выпіў той тэкілы і сказаў: „Ведаеш, Валодзя, я чакаў большага“».

А вось Андрэй Дынько — рэдактар газэты «Наша ніва», у якой упершыню было надрукаванае апавяданьне «Чарвяк», — кажа, што «чакаў меншага». Паводле ягонага рэдактараскага досьведу, людзі з турмы пішуць шмат, і рэдка які высокаадукаваны чалавек у такіх умовах здольны на добры тэкст. «А кніга Дашкевіча — магутная, шчырая, сапраўдная проза», — сказаў Дынько.

У пэўны момант вядоўца імпрэзы Павал Севярынец нагадаў, што Зьмітру ідзе трыццаць трэці год. «На 33-м годзе Зьміцер выйшаў з турмы, ажаніўся, выдаў першую кнігу і зараз, як мы бачым (тут Павал красамоўна паказаў на Насту), чакаюць першынца».

«На гэтым жыцьцёвым скрыжаваньні мы кажам усім ворагам беларушчыны, што Беларусь жыве, — падсумаваў Севярынец, — і Зьміцер Дашкевіч таму прыкладам».

Прэзэнтацыю кнігі скончылі строга а 19:45. Паводле ўмоваў хатняга нагляду Дашкевічу на раздаваньне аўтографаў засталося хвілінаў 5-7. Удзельнікі выстраіліся ў чаргу, а легендарная сьцяганосіца Ніна Багінская нават прапаноўвала Зьмітру раздаваць аўтографы ўжо дома. Праўда, дабірацца Дашкевічу дахаты колькі хвілінаў, але людзі хваляваліся, як бы ў Зьмітра не было іншых праблем. Літаральна тыдзень таму Зьмітра вызвалілі з Акрэсьціна пасьля 12-дзённай адседкі за акцыю салідарнасьці з Украінай.