Беларускі журналіст атрымаў 4 гады «хіміі»

4 гады «хіміі» і вызваленне ў залі суда. Вядомага журналіста і блогера Змітра Галка прызналі вінаватым у гвалце ў адносінах да міліцыянта. Суд таксама пастанавіў спагнаць з журналіста 850 рублёў кампенсацыі для пацярпелых. Сам падсудны сваю віну не прызнае ды плануе абскарджваць вырак.

4 гады абмежавання волі: суддзя Савецкага раённага суда Менску Аляксандр Якунчыхін вынес абвінаваўчы прысуд Змітру Галку, для якога пракурор прасіў тры гады зняволення. Журналіста вызвалілі з-пад варты ў зале суда, да адпраўкі ў папраўчую ўстанову ён будзе пад падпіскаю аб нявыездзе.

«У гэтым сэнсе я нават не задаволены. Калі б я сядзеў у турме, аб гэтай справе б памяталі. А на «хіміі» пра мяне забудуць. А я ўсё адно буду сядзець, мая сям’я за 1500 кіламетраў, і я ўвогуле не ведаю, як вырашыцца гэтае пытанне», – кажа Зміцер Галко.

За кратамі Зміцер правёў амаль тры месяцы. Падчас суда Галко заяўляў пра катаванні і здзекі з боку адміністрацыі следчага ізалятару на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«У лік крымінальных небяспекаў, беларусы, смела залічвайце міліцыю. Дзверы добраахвотна ніколі не адкрывайце. Бо, як толькі адкрыеце, высветліцца, што папяровыя мундзіры ад рэзкіх рухаў рвуцца, што пагоны і гузікі прышытыя на адную нітку і што яны вельмі слабыя – дзверы адкрылі, і ён адразу туды ўпадзе», – мяркуе Мікола Статкевіч.

Як падаў пацярпелы міліцыянт ды куды менавіта журналіст яго ўдарыў, на судзе з вуснаў пацярпелых гучала па-рознаму. Як і прычыны таго, чаму міліцыянты ўвогуле ўварваліся ў кватэру – на судзе пацярпелы Юрый Чырыкаў казаў, што пачуў нецэнзурную лексіку з балкона, а, калі ўвайшоў у агульны калідор, нібыта пабачыў жаночую бялізну і западозрыў, што ў кватэры маглі кагосьці згвалціць.

«Участковы, які ўварваўся ў кватэру, з першай жа секунды пачаў крычаць: тут наркапрытон, тут парнастудыя», – расказвае бацька Змітра Мікалай Галко.

Версія міліцыянтаў аб тым, што суседзі выклікалі міліцыю, бо ў кватэры была гучная музыка, на судзе таксама не пацвердзілася. Затое ў матэрыялах справы была пералічаная вялікая колькасць алкаголю, якую нібыта Зміцер і падлеткі, якія прыйшлі павіншаваць ягонага сына з днём нараджэння, выпілі ў той дзень.

«Калі Дзіму вывезлі, міліцыянты больш за гадзіну заставаліся гаспадарыць у гэтай кватэры. На судзе ён распавядаў, што, калі здарыўся гэты канфлікт, раптам з’явіліся дзве пляшкі з-пад марціні», – дзеліцца Мікалай Галко.

Уласна сам канфлікт адбыўся ў лістападзе летась. Паводле следства, журналіст быў нападпітку, нецэнзурна лаяўся і не пускаў міліцыянта ў кватэру, а, калі праваахоўнік паваліў на падлогу ягонага сына, ударыў участковага Юрыя Чырыкава па галаве. Журналіста жорстка затрымалі ды пакаралі штрафам, пасля чаго ён неўзабаве зʼехаў ва Украіну. У красавіку Галко вяртаўся на Радзіму, спадзеючыся на справядлівае разбіральніцтва ў ягонай справе: на мяжы яго і затрымалі.

«Я, напэўна, наіўны чалавек, бо лічыў, што мяне нечакана апраўдаюць. Перад тым, як ехаць, мне некаторыя казалі: да ты што, пра гэтую адміністратыўную справу нават ніхто не ўспомніць. Проста скажуць – увогуле не важна, было яно ці не», – кажа Зміцер Галко.

Аднак выпадкі, калі сілавікі ўрываюцца ў жыллё да грамадзянаў ды там жа іх збіваюць, а пазней распачынаюць крымінальныя справы ў адносінах збітых, ужо даўно не лічацца выключэннем. Гэтак, рэзанансаваю справай сталася страляніна ў навагоднюю ноч 2017-га, калі міліцыянт Руслан Салаўёў двойчы стрэліў у менчука Андрэя Гаўроша: апошні выжыў, аднак суд пакараў яго пяццю гадамі «хатняй хіміі» за супраціў працаўніку міліцыі. Пры гэтым страляў міліцыянт у спіну.

Віталь Бабін, «Белсат»