Беларускія ўлады перад выбарамі “зачышчаюць” апошніх іншадумцаў

П. Усаў: У той час калі Менск дэпартуе Алену Танкачову, Эўразьвяз праводзіць абсурдную палітыку.

“Эўрапейскія палітыкі праводзяць бязглуздую палітыку ў стасунку да Менска, яны нічога не вывучылі за апошнія гады й дбаюць толькі пра дробныя мэркантыльныя інтарэсы”. Так палітоляг Павал Усаў пракамэнтаваў дзеяньні Эўразьвязу, які выдаліў з “чорнага сьпісу” набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмэнаў і не адрэагаваў на ганебную дэпартацыю зь Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай. У сёньняшнім “Палітычным люстэрку” Павал Усаў і Аляксандар Папко разважаюць, чаму беларускія ўлады зноў пачалі перасьледаваць праваабаронцаў, чым выклікана скарачэньне “чорнага сьпісу” Эўразьвяза, а таксама ці можа Беларусь быць уцягнутая ў вайну паміж Расеяй і Ўкраінай.

30 кастрычніка беларускія ўлады анулявалі від на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай – грамадзянкі Расеі, якая амаль усё жыцьцё пражыла ў Беларусі. Нагодай да яе дэпартацыі стала…парушэньне хуткасьці! Таксама стала вядома, што ў СІЗА знаходзіцца адзін з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі “Плятформа” Міхаіл Жамчужны. Карыстаючыся паляпшэньнем стасункаў з Захадам, Менск узмацніў перасьлед іншадумцаў?

П. Усаў: Незалежна ад добрых ці кепскіх адносінаў з Эўразьвязам, рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці ніколі не спыняліся. Алена Танкачова – адна з найбольш вядомых праваабаронцаў, якія маніторылі сытуацыю з правамі чалавека, выбарамі. такая дзейнасьць не магла не разлдражняць беларускія ўлады. Неўзабаве ў Беларусі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Да гэтых выбараў у Беларусі павінныя будуць застацца толькі тыя “палітычныя” дзеячы й грамадзкія актывісты, якія ня будуць прадстаўляць ніякай пагрозы для ўладаў. А тое, што робіць Эўразьвяз у такіх умовах выглядае проста абсурдам.

7 беларускіх кампаніяў, якімі кіруюць набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсмэны Пефціеў, Тарнаўскі і Чыж, а таксама 24 асобы, сярод якіх самі Уладзіер Пефціеў і Анатоль Тарнаўскі, былі выкрасьленыя з санкцыйнага сьпісу Эўразьвяза. Якія крокі ў знак удзячнасьці зробіць Менск?

П. Усаў: Для Менска няма ніякага сэнсу рабіць нейкія крокі ў адказ. Напэўна Мікалай Статкевіч ня будзе вызвалены. Гэта прынцыповая пазыцыя Лукашэнкі. Сёньня Эўрапейскі зьвяз у чарговы раз робіць рэвэрансы ў бок Менска. Гэта падзяка за тое, што Лукашэнка захоўвае нэйтралітэт у канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай. Зь іншага боку, відавочна, што ЭЗ вядзе бязглуздую палітыку. Паўтарэньне “дыялёгу” ўзору 2008 году азначае, што эўрапейскія палітыкі нічому не навучыліся за апошнія гады. Яны маюць прымітыўны погляд на тое, што адбываецца ў Беларусі і дбаюць толькі пра дробныя мэркантыльныя інтарэсы. На маю думку, менавіта дзякуючы свайму лёббі ў эўрапейскіх структурах Чыж і Тарнаўскі дабіліся выдаленьня сваіх прозьвішчаў з “чорнага сьпісу”. Гэта ніяк не палепшыць палітычную сытуацыю ў Беларусі.

Для росту беларускай прамысловасьці неабходна дэвальваваць рубель, зьнізіць астранамічныя стаўкі па крэдытах і скасаваць перакрыжаванае субсыдыяваньне. Пра гэта заявіў Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, выступаючы ў пятніцу ў Палаце прадстаўнікоў. Ці адважацца кіраўніцтва краіны прыслухацца да патрабаваньняў віцэ-прэм’ера?

П. Усаў: На працягу апошніх гадоў такія гучныя заявы гучаць ужо ня першы раз. І прэм’ер, і віцэ-прэм\’еры казалі неаднаразова пра неабходнасьць зьменшыць датацыі для прадпрыемстваў, якія зьяўляюцца банкрутамі. Але адзінае, што робяць улады – гэта скарачэньне сацыяльных выдаткаў. Павышаецца аплата за адукацыю, у Беларусі па сутнасьці ўведзена ў жыцьцё праграма абавязковага мэдыцынскага страхаваньня. Гэта значыць, што й мэдыцынскае абслугоўваньне неўзабаве будзе платным. Растуць тарыфы на транспарт і камунальныя паслугі. Такім чынам, у сацыяльнай сфэры мы бачым лібэралізацыю, якая моцна б’е па грамадзянах. А ў эканамічнай сфэры ніякіх рэформаў не адбываецца.

Масква рана ці позна запатрабуе ад Лукашэнкі ўступіць у канфлікт з Украінай. І ў Лукашэнкі ня будзе магчымасьцяў адмовіцца. Пра гэта заявіў у інтэрвію “Беларускім навінам” былы амбасадар Украіны ў Менску Раман Бясьсмертны. Наколькі рэальная небясьпека таго, што Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну супраць Украіны?

Такая небясьпека існуе, калі ўзяць пад увагу тое, што Беларусь зьяўляецца адным з самых блізкіх эканамічных, палітычных і вайсковых партнэраў для Расеі. На тэрыторыі Беларусі ўжо неўзабаве будзе разьмешчана расейская вайсковая авіябаза. Пры неабходнасьці, расейскія войскі свабодна могуць перамяшчацца па тэрыторыі Беларусі.

П. Усаў: Але, зь іншага боку, цяпер вакол Беларусі склалася даволі спрыяльная геапалітычная каньюнктура, якой Лукашэнка ўдала карыстаецца. Тое, што ён стараецца захаваць нэйтральнасьць у расейска-украінскім канфлікце, сьведчыць, што Лукашэнка будзе надзвычай асьцярожна падыходзіць такіх сур’ёзных крокаў, як сумесная вайсковая апэрацыя. Аднак такая апэрацыя адбудзецца толькі тады, калі Расея захоча пашырыць расейскую вайсковую прысутнасьць ва Ўкраіне, выйсьці за межы непрызнаных ДНР і ЛНР. А гэта будзе азначаць паўнамаштабную вайну з Украінай, якая можа перарасьці ў адкрыты канфлікт паміж Захадам і Расеяй.

Размаўляў Аляксандар Папко

radyjo.net