Статкевіч: У словах Дзмітрыева ёсць праўда, паўпраўда і хлусня

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 і экс-палітвязень Мікалай Статкевіч пракаментаваў выказванні аднаго з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева аб падзеях Плошчы.

«Наша Ніва»: Спадар Мікалай, ці чыталі вы інтэрв’ю Дзмітрыева? Якія вашы ацэнкі гэтых словаў?

Мікалай Статкевіч: Усё прачытанае я разбіў на тры часткі: праўда, паўпраўда і хлусня.

Пачну з праўды. Я веру словам Дзмітрыева, што ў яго няма такога куратара, які кажа, што рабіць, куды ісці і як дзейнічаць. Цяпер так ужо не працуюць. Упэўнены, што кантакты нагадваюць размовы двух джэнтэльменаў, якія за кубачкам кавы ў стомлена-іранічнай манеры абменьваюцца інфармацыяй і нават узаемнымі пажаданнямі. Толькі не трэба мець ілюзій, бо адзін з джэнтэльменаў вяртаецца на штатную службу і піша справаздачу, якая пачынаецца са словаў: «Па паведамленні агента…»

Калі ж спадар Дзмітрыеў дазволіць сабе занадта вялікую самастойнасць, то замест інтэлігентнага маёра на сустрэчу прыйдзе зусім неінтэлігентны падпалкоўнік, які салдацкім матам дасць яму зразумець, што з ім і яго блізкімі будзе пры няправільных паводзінах. Але наш хлопец разумны, і ён чырвоную лінію не пяройдзе.

Цяпер пра паўпраўду. Я рады, што спадар Дзмітрыеў прызнаў той факт, які быў мне відавочны яшчэ ўвечары 19 снежня. Да мяне прыслалі машыну і падманам завезлі ў месца, куды я не хацеў трапіць, разглядаў як пастку — офіс «Гавары праўду». Я толькі магу пасмяяцца з словаў, што нехта хацеў мяне кантраляваць. Гэта як мышы спрабавалі кантраляваць ката.

Выступ Андрэя Дзмітрыева 19 снежня 2010. Фота belapan.com.

Я ўпэўнены, што Дзмітрыеў хацеў мяне падставіць. Някляеў, які тады быў нядоўга ў палітыцы, не разумеў, што значыць узяць мікрааўтобус з тэхнікай, палаткамі, акружыць яго трыма дзясяткамі студэнтаў і прарвацца з ім на Плошчу. Гэта выклік усёй сілавой сістэме. Гэта 100%-ная правакацыя. Някляеў не ведаў, Фядута мог не ведаць, але Дзмітрыеў дакладна ўсё ведаў. Ён толькі не мог спрагназаваць дзеянні салдатаў, якія ў закрытым аўтазаку некалькі гадзін сядзелі, адрэналін вырываў мазгі, яны былі гатовыя малаціць усё, што рухаецца. Я не ведаю, як спадар Дзмітрыеў пасля такога прызнання будзе глядзець у вочы тым 30 маладым людзям, некаторыя з якіх вельмі моцна пацярпелі.

Але была дапушчаная адна памылка. Я ж ведаў, што будзе напад, я ўмею адбівацца. Прабачце, натуральны 600-гадовы адбор, вайсковае саслоўе, чарапы ў нас моцныя. У мяне было лёгкае страсенне мозгу, былі пашкоджаныя абедзве рукі і адна нага. Адна нага засталася цэлая, таму я дайшоў, як і абяцаў, да Плошчы.

Цяпер пра хлусню. У інтэрв’ю ёсць прамы данос, штурм, аказваецца, планаваў Статкевіч, рана яго выпусцілі. Я такіх людзей, як Дзмітрыеў, вельмі добра адчуваю і абыходжу пры магчымасці. Гэта апошні чалавек у апазіцыі, з якім бы я абмяркоўваў такія планы, калі б яны ў мяне былі. З гэтым чалавекам я ніколі не размаўляў. Два разы мы сутыкаліся. Першы раз ён сядзеў за адным сталом з Някляевым, а другі раз, калі мы планавалі Плошчу, ён сядзеў за суседнім столікам.

Хачу дазволіць сабе параду гэтаму несумненна разумнаму і здольнаму чалавеку: прызнаць факт падпіскі і публічна ад яе адмовіцца. Так, будуць праблемы. Але пасля гэтага я нарэшце сяду з ім за адзін стол.

«НН»: Дык а ў чым быў ваш план на Плошчу?

МС:

Заклікаць да штурму — гэта з рэвалюцыйных фільмаў 1930-ых гадоў «Крэйсер Аўрора», «Ленін у акцябры». Калі грамадства гатовае да рэвалюцыі, калі яго перапоўніла нянавісць да ўлады, то заклікаць да штурму не трэба. Трэба, наадварот, стрымліваць, каб не штурманулі што лішняе. А калі не гатовае да рэвалюцыі, то заклікаць да штурму проста глупства, бо вынік загадзя вядомы.

Выдумалі нейкі сакрэт, «загадка Плошчы». Загадка была толькі адна: якім чынам мяне туды заманілі.

18 снежня мы з Някляевым абмяркоўвалі план у кавярні на перасячэнні вуліцы Харужай і бульвара Шаўчэнкі. Я сказаў Някляеву, што стаяць людзям на месцы нельга і небяспечна. У мяне быў намер правесці кароткі мітынг і правесці людзей да плошчы Незалежнасці, там зноў правесці кароткі мітынг. А пасля гэтага пакінуць на плошчы Незалежнасці намётавы лагер разам са спадаром Някляевым. А я правёў бы астатніх людзей па ўсім праспекце да плошчы Якуба Коласа і на гэтым акцыя была б завершана. Сам я з ахвотнымі вяртаўся б у намётавы лагер. Я нават апрануты быў адпаведна, мне гэта дапамагло, бо дубінкі прымаў праз дублёнку і два тоўстыя швэдры.

Я гэтымі планамі дзяліўся, бо ў мяне не было моцнай гукаўзмацняючай апаратуры. І мы дамовіліся, што я скарыстаюся апаратурай Някляева. Аднак апаратура была захоплена, а іншыя кандыдаты такой магчымасці не далі, бо іх каманды думалі, што я буду займацца самарэкламай.

Быў такі момант, адбываецца мітынг каля Дома ўрада. Каманда кандыдата крычыць у мікрафон, што ён наш прэзідэнт. Я падыходжу, прашу даць мне сказаць аб’яву. Бо бачу, што ўжо грузавікі едуць, трэба зводзіць людзей. Яны ж перадалі свой мікрафон на помнік, ён там ужо. Мяне ўжо адпускае, неяк залажу на помнік, але яго апускаюць на ніз, потым такія махінацыі паўтараюцца некалькі разоў. Разумею, што мікрафон ужо не атрымаю. Калі раздаўся першы ўдар па шклу, то мне хуценька далі мікрафон. Але людзей зводзіць ужо нельга было, бо ментальнасць сілавікоў такая, што разварочваць было немагчыма. Бо гэта ўспрымалася б як «не ўзялі Дом урада, ідуць штурмаваць Адміністрацыю прэзідэнта».

Колькасць людзей вагалася падчас акцыі. Па маіх падліках, максімум калона дасягала 80-90 тысяч чалавек. Калі дэманстрацыя скончылася, то зменшылася і яе прывабная энергетыка, і колькасць людзей паменела да 40 тысяч. Калі ж нават такую колькасць павесці назад, то атрымалася б другая Хадынка.

Казаць жа, што я рыхтаваў нейкі штурм — гэта недарэчна.

«НН»: Вы дамаўляліся толькі з Някляевым, а з іншымі кандыдатамі не?

МС: Так, я не давяраў большасці з іх. І потым пераканаўся, што меў рацыю. Яны мусілі паўтараць следам за мной, што выбараў няма і трэба ісці на Плошчу. Бо калі адзін чалавек кажа «якія выбары?», гэта несур\’ёзна. Але бліжэй да выбараў хлопцы спалохаліся, бо трэба было адказваць за свае словы. А адзін з кандыдатаў нават за некалькі дзён да Плошчы, гэта ёсць у маёй крымінальнай справе, звяртаўся да міліцыі з заклікам арыштаваць мяне.

Я Някляева ацаніў тады дастаткова аб’ектыўна. У яго ёсць шмат ідэалістычнага, рамантычнага. Адзінае, у яго не хапала досведу, і вельмі шмат тэхнічных рашэнняў ён аддаў Андрэю Дзмітрыеву.

Гутарыў Зміцер Панкавец