Чыё войска ўтрымлівае наш народ?

Сябры Рады Бенарускага нацыянальнага кангрэсу накіравалі запыт міністру абароны Беларусі Андрэю Раўкову. Чые інтарэсы будзе абараняць беларускае войска ў выпадку расійскай агрэсіі? 

Аб гэтым на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў Мікалай Статкевіч.

Міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанту Раўкову Андрэю Аляксеевічу

Мы, сябры Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, занепакоеныя інфармацыяй, якая змешчаная ў інтэрв’ю расійскага палітолага Валерыя Салаў’я.

Паводле слоў расійскага палітолага, сярод афіцэрскага складу Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь было праведзенае «закрытае апытанне».

Па выніках апытання сярод беларускіх афіцэраў: «… 70-80% хотели бы не формального, а фактического объединения России и Беларуси…».

Калі гэтыя звесткі праўдзівыя, дык выходзіць, што большасць афіцэраў беларускага войска прытрымліваецца антыдзяржаўных поглядаў, жадае ліквідацыі незалежнасці нашай краіны.

Як грамадзяне Беларусі і яе патрыёты, як падаткаплацельшчыкі, на грошы якіх утрымоўваюцца Ўзброеныя Сілы, мы патрабуем адказу на наступныя пытанні:

  1. Ці праводзілася ўзгаданае вышэй «закрытае апытанне»? Калі праводзілася, то кім і якія яго сапраўдныя вынікі?
  2. Як кіраўніцтва Міністэрства абароны і Вы асабіста ацэньваеце настроі афіцэрскага складу ў адносінах да «фактычнага аб’яднання Беларусі і Расіі»?
  3. Ці плануеце Вы нейкія захады па патрыятычным выхаванні афіцэраў Узброеных Сіл дзеля бясспрэчнага прыярытэту незалежнасці Беларусі, абарона якой складае сэнс іх службы?

Мы чакаем канкрэтных і прамых адказаў на гэтыя пытанні. Ад іх будзе залежыць адказ на галоўнае: ці з’яўляюцца Беларускім Войскам падначаленыя Вам фармаванні, якія ўтрымлівае наш народ.

Па даручэнні Рады БНК зварот падпісалі Вацлаў Арэшка, Яўген Афнагель, Мікалай Герасіменка, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч