Ці вядуць візіты еўрапейскіх палітыкаў да лібэралізацыі?

Камісар Еўрапейскага звязу па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Яганэс Ган (Хан) 16-17-га красавіка будзе знаходзіцца ў Беларусі.

Візіт значыцца ў рабочым графіку еўракамісара, размешчаным на афіцыйным сайце Еўракамісіі.

Чакаецца таксама, што ў траўні ў Беларусь прыедзе дэлегацыя еўрапарламенту па справах Беларусі.

На думку сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Віталя Рымашэўскага, апошнія падзеі паказваюць, што чарговыя візіты еўрапейскіх палітыкаў не вядуць да лібэралізацыі:

– Супрацоўніцтва з беларускім рэжымам падаўжае тэрміны беларускіх палітвязняў. Што атрымалася з Юрыям Рубцовым? Падчас візіту дэлегацыі яму далі новы тэрмін. А з Мікалаем Статкевічам? Напярэдадні візіту ён можа атрымаць новы тэрмін альбо пагаршэнне ўмоваў. Гэта факты. Таму такая безумоўная супраца адчыняе дзверы вязініц для новых палітвязняў і працягве тэрмін іх знаходжання за кратамі. 

СЛУХАЙЦЕ ТУТ СЛУХАЙЦЕ ТУТ

Гэта чарговы афіцыйны візіт высокага еўрапейскага чыноўніка ў беларускую сталіцу.

Лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што палітыка ізаляцыі не прынесла поспеху.

„Я за крытычны і абумоўлены дыялог”, – так пра адлігу ў адносінах Менска і Бруселя гаворыць Аляксандр Мілінкевіч:

– З дэмакратыяй лепей сітуацыя не стала, але і горш не стала, прыкладна,   статус-кво. Але я скажу, што ў беларускай гісторыі палітвязняў вызвалялі толькі, калі быў шанец на дыялог з Еўропаю. Не тады, калі санкцыі хтосьці ўводзіў, тады не вызвалялі вязняў ні разу. А быў выпадак, калі 8 палітвязняў вызвалілі адразу, пасля візіту Саланы, калі пачынаўся дыялог.

СЛУХАЙЦЕ ТУТ СЛУХАЙЦЕ ТУТ

На 15-га красавіка графікам еўракамісара запланаваная сустрэча з Алесем Бяляцкім. З кім яшчэ будзе сустракацца чыноўнік, пакуль невядома.

Апошні раз еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добра-суседства наведваў Беларусь у 2010-м годзе.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя