Даклад Харасьці разгледзяць на Генасамблеі ААН

На пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН 28 кастрычніка ў Нью-Ёрку плянуецца разгледзець даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Images: camera_01.png Дакумэнт падрыхтаваны спэцдакладчыкам Рады ААН па правах чалавека Міклашам Харасьці і апублікаваны на сайце ААН.

Пры падрыхтоўцы дакладу Харасьці разьлічваў сустрэцца як з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, так і зь беларускімі чыноўнікамі, аднак улады адмовіліся кантактаваць са спэцдакладчыкам.

Афіцыйны Менск не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН па Беларусі, лічачы яго палітычным, і ня бачыць пэрспэктывы для супрацоўніцтва зь ім — пра гэта заявіў на чэрвеньскай сэсіі Рады ААН па правах чалавека прадстаўнік Беларусі пры органах ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў.

Асноўная ўвага ў дакладзе аддаецца правам чалавека ў кантэксьце выбарчых працэсаў у Беларусі.

Спэцдакладчык адзначае, што Камітэт ААН па правах чалавека ня раз выяўляў факты парушэньня ўладамі права сваіх грамадзян на свабоду думкі і яе выказваньне.

Беларускія ўлады, гаворыцца ў дакладзе, павінны забясьпечыць правядзеньне выбарчай і заканадаўчай рэформы з удзелам «шырокага кола зацікаўленых асобаў, нават калі законапраект ужо ўнесены на разгляд парлямэнту», а таксама гарантаваць наяўнасьць незалежных выбарчых камісій, забясьпечыць адкрыты падлік галасоў, уключна з поўным і адкрытым назіраньнем за ім з боку сяброў выбарчых камісіяў і іншых зацікаўленых асобаў.

Спэцдакладчык рэкамэндуе адмяніць закон, які ўстанаўлівае крымінальную адказнасьць за крытыку публічных фігур або краіны, гарантаваць неўмяшаньне з боку ўраду ў дзейнасьць СМІ і дэманапалізаваць валоданьне сродкамі вяшчаньня.

На думку Харасьці, Беларусі трэба рэфармаваць сыстэму судовага самакіраваньня, каб вызваліць яе ад прыняцьця рашэньняў выканаўчымі органамі ўлады або прэзыдэнтам па такіх пытаньнях, як дысцыпліна, ільготы і бонусы, адбор, павышэньне на пасадзе судзьдзяў і прыняцьце мер дысцыплінарнага ўзьдзеяньня на іх.

Неабходна таксама паскорыць заканадаўчыя рэформы, накіраваныя на тое, каб забясьпечыць поўную забарону катаваньняў і ўвесьці эфэктыўныя гарантыі недапушчэньня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў заканадаўстве і на практыцы.

Аўтар дакладу рэкамэндуе ўладам ініцыяваць апэратыўнае, бесстароньняе і дбайнае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне, а пры наяўнасьцi падстаў неадкладна ажыцьцяўляць судовы перасьлед і публічна заклікаць да поўнай забароны катаваньняў.

Сярод іншых рэкамэндацыяў, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе, — аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія абаранялі затрыманых пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году; праводзіць апэратыўнае і бесстароньняе расьсьледаваньне любых актаў запалохваньня і гвалту ў дачыненьні да праваабаронцаў і журналістаў; адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які ўводзіць адказнасьць за грамадзкую дзейнасьць без афіцыйнага дазволу.

Харасьці падкрэсьлівае неабходнасьць забясьпечыць поўную рэабілітацыю асобаў, якія пацярпелі ад судовага перасьледу і асуджаных з палітычных матываў, у тым ліку зьняцьце любых судзімасьцяў і абмежаваньняў на іх удзел у палітычным жыцьці і выбарах.

Спэцдакладчык рэкамэндуе адмяніць дазвольны прынцып рэгістрацыі СМІ, асацыяцыяў і сходаў, рэгістрацыю замежных грантаў і міжнароднай тэхнічнай дапамогі і пералік мэтаў, у якіх можа выкарыстоўвацца бязвыплатная замежная дапамога, унесьці зьмены ў закон аб масавых мерапрыемствах у Беларусі, каб ён адпавядаў Канстытуцыі і міжнародным стандартам.

На сёньняшняе абмеркаваньне дакладу на пасяджэньні Генасамблеі ААН запрошаныя прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці, — паведамляе БелаПАН.