Дэмакратычныя сілы дамовіліся пра супольнае святкаванне стагоддзя БНР

Аргкамітэт заклікаў улады прызнаць Дзень Волі афіцыйным святам.

Cёння ў Менску ў офісе Партыі БНФ прайшло пашыранае пасяджэнне аргкамітэта ў святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта сайту Charter97.org паведаміў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель:

– У пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі большасці дэмакратычных партый і рухаў: мастакі Мікола Купава і Алесь Марачкін, лідары БНК Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, сустаршыня аргкамітэта стварэння партыі БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідар Руху за Свабоду Юрась Губарэвіч, старшыня Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Cіўчык. Усяго ў пасяджэнні аргкамітэта ўзяла ўдзел больш за 30 чалавек.

Удзельнікамі пасяджэння была прынятая пастанова аб правядзенні масавай акцыі 25 сакавіка ў Менску. Аднагалосна было вырашана, што акцыя павінна прайсці менавіта ў гэты дзень. Святкаванне Дня Волі пачнецца на плошчы Якуба Коласа а 14.00. Пасля гэтага запланавана правядзенне шэсця па праезнай частцы праспекта Незалежнасці. Хачу адзначыць, што абсалютная большасць удзельнікаў сённяшняй сустрэчы прагаласавала менавіта за фармат масавага шэсця па праспекце Незалежнасці, якое павінна скончыцца мітынгам-канцэртам на Плошчы Свабоды.

Прынятая рашэнне, што будзе падавацца заява на правядзенне акцыі ў Менгарвыканкам. Абмяркоўвалася шмат пытанняў, сярод іх – зварот да ўладаў з заклікам прызнаць Дзень Волі афіцыйным святам, усталяваць мемарыяльныя дошкі, якія нагадваюць пра ўтварэнне БНР і яе гісторыю, правядзенне святочных канцэртаў і мерапрыемстваў.

Радуе тое, што прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных сіл разумеюць важнасць святкавання Дня Волі, важнасць правядзення масавай дэманстрацыі ў гэты дзень. Спадзяюся, што людзі, якія прысутнічалі на пасяджэнні і тыя, хто далучыцца да святкавання Дня Волі, унясуць максімальны ўклад у годнае правядзенне мерапрыемства.

Таксама была прынятая пастанова аб стварэнні ў складзе аргкамітэта рабочай групы па правядзенні масавай акцыі. Пасяджэнне рабочай групы адбудзецца заўтра а 14.00 па адрасе Кульмана 4 (офіс прафзвязу РЭП). На пасяджэнне запрашаюцца ўсе тыя, хто гатовы ўнесці пасільны ўклад у правядзенне святкавання Дня Волі.

Хартыя97