Навіны

Дэжавю

Чытаў нядаўна ў “Народнай Волі” дыскусію наконт пытанняў “народнага рэферэндума”. Але не чытаў нідзе дыскусіі аб яго мэтазгоднасці.

Увогуле, усё гэта – “дэжавю”. Памятаю, як у сярэдзіне 90-х была кампанія па пераходу ў “грамадзянства БНР”, у межах якой нават выдаваліся “пашпарты БНР” ўсім жадаючым грамадзянам РБ. 

Потым, вясной 1999 года, былі альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары. Былі нават сфармаваныя рэгіянальныя выбарчыя камісіі, спісы якіх перадалі ў мясцовыя адміністрацыі. Пасля гэтага КДБ узбудзіў крымінальную справу па стварэнню незаконных органаў дзяржаўнай ўлады, у межах якой усіх сябраў тых выбарчых камісій выклікалі на допыты. У выніку колькасць дэмакратычнага актыву ў рэгіёнах паменела ў разы, бо людзі палічылі, што іх падставілі.

У 2000 годзе частка апазіцыі праводзіла байкот мясцовых і парламенцкіх выбараў, каб не дапусціць прызнання Еўропай палаты прадстаўнікоў, нягледзячы на пратэсты і заклікі да ўдзелу ў выбарах той Еўропы. На мясцовых выбарах участковыя камісіі, якія засталіся без дэмакратычных назіральнікаў, на кантроль якіх можна было б спаслацца, “навучылі” працаваць так, як яны і зараз працуюць

А палату прадстаўнікоў пасля “прабайкатаваных” выбараў уключылі ў Парламенцкую асамблею АБСЕ.

Любая апазіцыя павінна супраціўляцца спробам загнаць яе ў рэзервацыю, ізаляваць ад грамацтва, ад палітычнага працэсу, якім бы гэты працэс ні быў. А тут людзі самі намагаюцца стварыць для сябе рэзервацыю і схавацца ў ёй. Усе гэтыя “свае грамадзянствы”, “свае выбары”, “свой рэферэндум”, прызначаныя толькі для “сваіх”, бо іншыя гэтага не разумеюць, могуць быць патлумачаны хіба што паслядоўнікамі Фрэйда.

Я, безумоўна, не маўчаў ні падчас выдачы “пашпартаў”, ні ў час “альтэрнатыўных” выбараў і байкоту. За што заслужыў нават найменні “разбуральніка”, “раскольніка”, “недамоваздольнага”. Зараз актыўныя арганізатары тых кампаній сарамліва маўчаць пра іх і пра сваю ролю ў іх. Але не забываюцца за спіной паўтараць навешаныя “лейблы”.

Вялікай шкоды ад гэтага “рэферэндума”, у параўнанні з папярэднімі паходамі ў “рэзервацыю”, я не бачу. Як і карысці.

29.08.2013 г.

Мікалай Статкевіч

Магілёў, СТ-4