Дзякуй, дарагія сябры!
Марына Адамовіч праз наш сайт звярнулася з падзякай да ўсіх, хто павіншаваў іх з Мікалаем Статкевічам са шлюбам, які быў зарэгістраваны ў Шклове 20 снежня.
Дарагія сябры!
Шчыра дзякую ўсім, хто павіншаваў нас са шлюбам, які быў урэшце зарэгістраваны 20 снежня, пасля амаль што году самых розных перашкод. Я лічу, што гэта сталася магчымым дзякуючы вам, дарагія сябры, вашай падтрымцы і неабыякавасці!
Я ўдзячная журналістам дэмакратычных медыяў, якія не далі беларускаму грамадству забыцца на тых, хто за кратамі; якія агучвалі тое, што ўлады хацелі б схаваць за калючым дротам.
Вялізарная падзяка праваабаронцам, якія ўвесь гэты цяжкі год былі побач з намі, дапамагалі і падтрымлівалі нас.
Нізка кланяюся ўсім тым неабыякавым людзям, якія выходзілі на акцыі пратэста, якія з годнасцю і гонарам змагаліся за сваё права на волю. Асаблівая ўдзячнасць тым, хто, ахвяруючы ўласнай свабодай, змагаўся і змагаецца за вызваленне палітвязняў.
Я шчаслівая, што гэты год прынёс мне знаёмства і сяброўства з дзесяткамі цудоўных людзей, з якімі, пры меньш трагічных абставінах, мы, хутчэй за ўсё, не сустрэліся б.
Хачу перадаць вам таксама словы шчырай ўдзячнасці і захаплення ад Мікалая Статкевіча ўсім тым, хто змагаецца за свабоду нашай Радзімы, паплечнікам і неабыякавым людзям, якія сваімі лістамі, паштоўкамі, словамі падтрымкі дапамагаюць яму у вязніцы захаваць моц духу і веру ў выбраны шлях.
Для мяне сталася прыемнай нечаканасцю тое, колькі людзей сачылі і хваляваліся за нас, радаваліся разам з намі.
ШЧЫРА ВАМ ДЗЯКУЮ!!!
НЯХАЙ НАДЫХОДЗЯЧЫ ГОД ПРЫНЯСЕ Ў ВАША ЖЫЦЦЁ ТОЛЬКІ ДОБРЫЯ ПЕРАМЕНЫ!
БОЖА! БЛАСЛАВІ БЕЛАРУСЬ!