Фазэль: Ня варта казаць «не» хакею

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею зноў выказаў спадзеў, што чэмпіянат 2014 году адбудзецца ў Менску.

У дзень адкрыцьця ўсясьветнага хакейнага чэмпіянату-2012 у Швэцыі ды Фінляндыі прэзыдэнт МФХ Рэнэ Фазэль адзначыў, што разьлічвае на правядзеньне гэтага прэстыжнага турніру праз два гады ў Менску, нягледзячы на шматлікія пратэсты з боку эўрапейскіх палітыкаў, а таксама прэзыдэнта ЗША Барака Абамы:

«Я перакананы, што чэмпіянат-2014 адбудзецца ў Беларусі. Я таксама лічу, што байкот ня мае аніякага сэнсу. Прыезд у краіну спартоўцаў і заўзятараў з розных краінаў сьвету, іх кантакты зь беларусамі дадуць краіне нашмат больш, чым тое, калі кажуць „не“», — цытуе Фазэля тэлеканал «Эўраспорт».

Ад рэдакцыі: Статут Міжнароднай федэрацыі хакея забараняе любыя формы дыскрымінацыі спартоўцаў, афіцыйных асоб, каманд і федэрацый. Але палітычны пратэст, звязаны з сур\’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека, з\’яўляецца адной з самых сур\’ёзных мер уціску на краіну-арганізатара.

Нават пастаноўка такога пытання, зробленая публічна, уплывовымі асобамі, на высокім палітычным узроўні, з\’яўляецца, дэ-факта, дзейснай мерай уплыву на сітуацыю ў краіне.

Нагадаем, што і Статут ААН прадугледжвае міжнародную ізаляцыю, як меру прымусу без прымянення сілы – і спартовыя санкцыі можна і патрэбна разглядаць у гэтай плыні.

Да таго ж, краіна, у якой нормай паўсядзённага жыцця стала беззаконне, жорсткае падаўленне любых форм пратэсту, захоп і збіццё ўласных грамадзян, дзе палітычныя праціўнікі ўлады трапляюць за краты, дзе выносяцца і выконваюцца смяротныя пакаранні, не можа гарантаваць бяспеку ўдзельнікам і гасцям чэмпіянату. А гэта ужо – дастатковая нагода для разгляду пытання аб пераносе ЧС.

Застаецца толькі здагадвацца, чаму прэзідэнт МФХ Рэнэ Фазэль так упарта настойвае на сваёй пазіцыі і “пасылае абнадзйваючыя сігналы” беларускаму рэжыму.