Ігар Аліневіч: Наперадзе – віхуры і буры, але будзе цікава

Палітвязень знаходзіць станоўчыя стораны ў тым, што адбываецца ў краіне.

Валянціна Аліневіч – маці асуджанага на 8 гадоў зняволення Ігара Аліневіча – распавяла charter97.org пра тое, што яны з мужам атрымалі доўгачаканае віншаванне ад сына. З яе слоў, яшчэ 27 снежня яму дазволілі патэлефанаваць з калоніі, і ён павіншаваў бацькоў праз тэлефон, а ўчора прыйшоў ад яго ліст.

«Вельмі няпроста пажадаць што-небудзь у Новым 2015. Падобна на тое, наперадзе насоўваюцца віхуры і буры. Але ў любой сітуацыі самае першае – шукаць станоўчыя бакі. Адзін ёсць, як мінімум: будзе цікава. Я думаю, што знаходзіць тое, што адбываецца займальным – добры спосаб атрымаць дозу пазітыўных эмоцый, бо ўсё залежыць ад успрымання (праверана на практыцы).

Адна жанчына з Расеі, дысідэнт 80-х, пісала мне, што на сходках яны ўздымалі келіхі пад тост «За нашу безнадзейную справу». Калі мы здольныя да самаіроніі – значыць, надзея ёсць заўсёды. Аптымізму і энтузіязму вам, поспеху і радасці насуперак усяму! Душой я з вамі. Наперад, у 2015…», – напісаў ён бацькам.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў хуліганскіх дзеяннях у дачыненні да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Раней ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку, якая уважалася самай дрэннай па экалагічных паказчыках, аднак у пачатку мінулага года была прынятая пастанова аб расфармаванні гэтай калоніі і Аліневіч трапіў у калонію Віцьба-3.

charter97.org