Яцэк Сарыюш-Вольскі: «У дачыненні да Лукашэнкі павінна быць палітыка жорсткіх санкцый і патрабаванняў»

Дэпутат Еўрапарламента сустрэўся з былымі беларускімі палітвязнямі.

Сябра Камітэта ў замежных справах Еўрапейскага Парламента, былы віцэ-старшыня ЕП і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай Народнай Партыі Яцэк Сарыюш-Вольскі 8 студзеня сустрэўся ў варшаўскай рэдакцыіcharter97.org з лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым, каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрыем Бандарэнкам, судырэктарам Беларускага дома ў Варшаве Уладзімірам Кобецам і галоўным рэдактарам charter97.org Наталляй Радзінай.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася цяжкая сітуацыя з палітвязнямі ў беларускіх турмах, працяг палітычных рэпрэсій у краіне, блакаванне ў Беларусі незалежных інтэрнэт-сайтаў, неабходнасць дапамогі медыя і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама якой павінна быць палітыка Захаду ў дачыненні да нашай краіны ў новай геапалітычнай сітуацыі.

«У палітыцы Еўрапейскага звязу ў дачыненні да Беларусі павінна быць два кірункі. Гэта павінна быць палітыка жорсткіх санкцый і патрабаванняў. Пачынаючы з такіх патрабаванняў як вызваленне палітычных зняволеных і свабода СМІ і заканчваючы свабоднымі выбарамі і ўсімі астатнімі дэмакратычнымі стандартамі. І калі з аднаго боку неабходныя жорсткія санкцыі ў дачыненні да рэжыму, то з другога – максімальная адкрытасць у дачыненні да грамадзянскай супольнасці. У гэтай другой часткі трэба ствараць беларусам магчымасці падарожнічаць у краіны Еўрапейскага звязу, даваць магчымасці абмену студэнтамі, кантактаў арганізацый грамадзянскай супольнасці, падтрымліваць незалежныя СМІ – рабіць усё, што можа прынесці перамены ў Беларусі», – сказаў пасля сустрэчы сайту charter97.org Яцэк Сарыуш- Вольскі.

Дэпутат Еўрапарламента асобна пракаментаваў намеры беларускіх уладаў блакаваць незалежныя інтэрнэт-сайты ў Беларусі. Такая блакіроўка адбылася ў канцы снежня 2014 года, але сёлета многія беларускія сайты, уключаючы charter97.org, падпадаюць пад дзеянне «драконаўскіх» паправак у закон аб СМІ.

«Мы будзем выказваць пратэст і заяўляць пра гэта ў нашых рэзалюцыях. Цяпер, пасля атакі на свабоду выказвання ў Парыжы, асаблівы момант, калі мы можам вярнуцца да пытання свабоды слова, да таго дзе і ў якім маштабе яна душыцца. А ў Беларусі гэтая свабода душыцца абсалютна.

З боку Еўразвязу павінны з\’явіцца дыпламатычныя і іншыя сігналы. Аднак, я мяркую, што гэта будзе эфектыўна толькі тады, калі гэтыя сігналы з\’явяцца ў цэлым пакеце патрабаванняў – вызваленне палітвязняў, захаванне свабоды слова і г.д. І ад захавання гэтых патрабаванняў павінна залежаць палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі», – сказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі.

 Андрэй Саннікаў, Яцэк Сарыюш-Вольскі, Наталля Радзіна

Андрэй Саннікаў, Яцэк Сарыюш-Вольскі, Наталля Радзіна

charter97.org