Дзякуй за падтрымку!

Як адзначаюць актывісты ініцыятыўнай групы, улады, рыхтуючыся да чарговых прэзідэнцкіх выбараў, нічога не зрабілі для дэмакратызацыі выбарчага працэсу. «Па-ранейшаму не ўключаюцца ў выбарчыя камісіі прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў, праводзіцца прымусовы збор подпісаў у падтрымку кандыдата уладаў. У такіх варунках мы наогул уважаем за бессэнсоўны ўдзел у выбарах, падтрымліваем заклік Мікалая Статкевіча да грамадзянскага супраціву», – гаворыцца ў заяве групы.

Ініцыятыўная група Статкевіча заклікае ўсе дэмакратычныя арганізацыі і тых, хто жадае свабоды для Беларусі, падтрымаць іх ініцыятыву і, прынамсі, акцыі салідарнасці з палітвязнямі. У заяве таксама ўтрымліваецца заклік да міжнародных арганізацый аб тым, каб «абавязковай умовай прысутнасці міжнародных назіральнікаў на беларускіх выбарах была адсутнасць палітвязняў у беларускіх турмах».

Нагадаем, напярэдадні Мікалай Статкевіч, лідар аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, які знаходзіцца ў зняволенні без малога пяць гадоў, заклікаў людзей да грамадзянскага супраціву і падзякаваў усім, хто ўвайшоў у склад ягонай ініцыятыўнай групы.

«Я разумею, што ў нашым запалоханым грамадстве гэта – учынак, і дзякую ўсім, хто здзейсніў гэты ўчынак. Такая падтрымка важная не толькі для мяне, але і для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў зняволенні праз свае перакананні», – гаворыцца ў звароце апазіцыйнага палітыка, які ён перадаў сваёй жонцы Марыне Адамовіч падчас апошняга спаткання ў магілёўскай турме.

Вылучэнне Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты на цяперашніх выбарах падтрымалі прадстаўнікі аргкамітэтаў для стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб\’яднанай грамадзянскай партыі, міжнароднага аб\’яднання «Малады фронт» (Чэхія), руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» і руху салідарнасці «Разам». У ініцыятыўную групу Статкевіча ўвайшлі больш за 1,7 тысячы чалавек, узначаліла яе Марына Адамовіч.

20 ліпеня Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі групы на падставе арт.60 Выбарчага кодэкса, паводле якога «кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаны грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці».

22 ліпеня Адамовіч падала скаргу ў Вярхоўны суд. «Мы мяркуем, і думаю, што абгрунтавана мяркуем, што адмовай рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1.700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы», – заявіла яна. Аднак Вярхоўны суд адмовіў у разглядзе скаргі, бо паводле закона скарга павінна быць падпісана самім заяўнікам.

Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў траўні 2011 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбывае пакаранне ў магілёўскай турме. Палітык павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.