Ізноў правакацыі…
У суботу, 24 жніўня, Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным з турмы.
“Гэта быў планавы, адзіны на месяц, званок, якога я чакала ад пачатку жніўня. Бо з мінулага тэлефанавання мінула больш, чым 1,5 месяцы, – распавяла жонка палітвязня Марына Адамовіч – Пасля таго, што стала вядомым пра стан здароўя Мікалая ў сярэдзіне месяца, адсутнасць званка вельмі напружвала… Але ён бадзёры, упэўнены ў сабе, на здароўе зараз не скардзіцца.
Як паведамлялася раней, пачаў патроху атрымліваць віншаванні да дня народзінаў. Мікалай прасіў падзякаваць усім, хто яго павіншаваў, перадаць, што, нават калі лісты да яго і не патрапілі, то ён ведае, што было ў гэтых лістах, і вельмі ўдзячны тым, хто імкнуўся яго падтрымаць”.
Таксама Мікалай Статкевіч паведаміў, што на мінулым тыдні ізноў пачаліся спробы ціску на яго. Ён не выключае, што яго спрабуюць справакаваць на нейкія дзеянні, каб “навесіць” чарговае спагнанне.
Раней, у адказ на падобныя спробы, Мікалай Статкевіч прапанаваў адміністрацыі не траціць высілкі на прыдумоўванне розных “парушэнняў”, а, калі ўжо атрымалі загад, адразу накіраваць яго ў карцэр.