Карлсан/Эрыксан яшчэ прыляціць!
Стэфан Эрыксан развітаўся са сваімі беларускімі сябрамі і абяцаў вярнуцца. Аб гэтым ён напісаў у Фэйсбуку.
Дарагія сябры!
Я ўжо зразумеў, што ніяк не паспею ўсім даць належны адказ на вашыя словы падтрымкі ў гэтым няпростым для мяне часе. Я не хатеў апынуцца ў гэтай сітуацыі, і паменяў бы вашу пахвалу на магчымасць працаваць у Беларусі і з вамі сустракацца! Ваша падтрымка, канешне, мяне вельмі ўцяшае і грэе. Я вам шчыра ўдзячны! Наўрад ці я заслугоўваю вашай пахвалы, таму што ў рэшце рэшт я рабіў сваю працу, якую вельмі любіў і стараўся выконваць сумленна. Мабыць Беларусь мяне натхніла зрабіць трохі больш, чым павінен быў, але гэта тады ваша заслуга! Калі чытаю вашыя каменты, складаецца амаль ўражэнне, што вы мяне ўжо пахавалі… Калі ласка, рана мяне хаваць! Карлсан/Эрыксан яшчэ прыляціць! Да сустрэчы!Дабрыня пераможа! Жыве Беларусь!
Стэфан Эрыксан
Нагадаем, што пасол Швецыі быў высланы з Беларусі (па версіі МЗС, яму не была працягнутая акрэдытацыя) у якасці помсты пасля “дэсанту” шведскіх мядзьвядзянят у падтрымку дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў Радыё Свабода:
«Беларускі бок не выдварае швэдзкага пасла. Прынята рашэньне пра непадаўжэньне яго акрэдытацыі. Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі на працягу 7 гадоў, за гэты час яго дзейнасьць была скіраваная не на стварэньне, а на разбурэньне двухбаковых адносін. Гэтае рашэньне ляжыць у плоскасці нашых двухбаковых адносін. Калі швэдзкі бок будзе імкнуцца да абвастрэньня сытуацыі, мы будзем вымушаныя рэагаваць адэкватна»
P.S. Дарагі спадар Эрыксан!
Мы ведаем – Вы вернецеся! Мы будзем чакаць Вас.