Навіны

Колькі каштуе зняволенне?

Аплата за ўтрыманне ў шклоўскай калоніі – у 1,5 разы вышэй, чым за зняволенне ў турме.

Мікалай Статкевіч даведаўся аб памерах “аплаты за ўтрыманне” ў калоніі №17, куды ён быў этапаваны месяц таму, пасля трох гадоў у магілёўскай турме.

Аказваецца, гэтая сума, якая вылічваецца з заробкаў альбо пенсіі асуджанага, у шклоўскай калоніі нашмат большая, чым у турме. Аб гэтым паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка палітвязня Марына Адамовіч:

“Мікола даведаўся, што за калонію з яго вайсковай пенсіі ўтрымліваюць ледзь не ўдвая супраць турмы. Хаця і там было нямала – 750-800 тысяч… Затое – за “асобны нумар”… (Мікалай Статкевіч апошні год утрымліваўся ў адзіночнай камеры, – рэд.). А тут – казарма на 70 чалавек
Вось, думаю, якое “залатое дно” для нашай дзяржавы саджаць пенсіянераў, яшчэ і грошы можна зарабіць.”

Згодна з беларускім заканадаўствам, пенсія зняволенага прымусова пераводзіцца на адрас месца адбыцця пакарання, дзе з яе вылічваюцца сродкі на ўтрыманне арыштанта.

Калі ўлічыць, што большасць зняволеных працаздольнага ўзросту ва ўстановах пенетэнцыярнай сістэмы альбо не працуе, альбо мае мізэрныя заробкі, то ўтрыманне за кратамі пенсіянераў можа важка папаўняць турэмны бюджэт.