Лінія фронта
З ліста ад 05.06.2022
“[…] Думаю, што лінія фронта павінна стабілізавацца. Бо бліц-прарываў украінцы там не дапускаюць, а маруднае прасоўванне вядзе да павелічэння стратаў атакуючага боку. Восенню фронт павінен дакладна стабілізавацца, бо з дажджамі рух цяжкай тэхнікі па размоклым чарназёме вельмі абцяжараны. Але эканамічная вайна Захаду супраць РФ будзе толькі нарастаць. У “АиФ” расійскі эксперт параўнаў гэты працэс з катком – павольна і незваротна. Пісаў ужо табе пра гэта 22 траўня (ліст я не атрымала , М.А.)
Распад імперый увогуле хваравітая рэч для насельніцтва метраполій. Асабліва, калі іх эліты не спрабуюць загаіць постімперскую траўму, а спрабуюць разбярэдзіць яе дзеля рэйтынгаў і ўлады. Калі ў іх атрымаецца дасягнуць жаданага, то гэта гарантуе паўторы небяспечных для свету гульняў у рэванш наступнымі пакаленнямі палітыкаў. Таму для свету будзе лепш, калі гэтая спроба “вярнуць тэрыторыі, некалі “здабытыя славутымі продкамі” (ён ведаў!!! ) завершыцца нічым. І свет гэта добра разумее.
Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3
Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.