Лісты на волю

Спачуванні блізкім С.С.Шушкевіча

Ліст ад 15.05.2022

“Мае спачуванні блізкім С.С.Шушкевіча. “СБ” напісала пра яго смерць толькі ўчора – пасмяротна аблаялі ў двух артыкулах, па паласе кожны. Ды яшчэ пасмяртная карыкатура. Красамоўная рэакцыя афіцыёза на смерць першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Дарэчы, абодва аўтары аблаялі яго, найперш, за пагадненне ў Віскулях, якое зацвердзіла незалежнасць нашай краіны. Такая падзея – вялікая для кожнага нармальнага патрыёта. Але аўтары артыкулаў калі і патрыёты, то не Беларусі, а нейкай іншай краіны.” …

* * *

“Дзякуй за інфармацыю па ўкраінскіх франтах. Відавочна, што расійцы планавалі там прарыў на Мікалаеў–Адэсу да 9 траўня. Ну а расійскія вайсковыя дэманстрацыі ў Прыднястроўі і вайсковыя вучэнні тут павінны былі адцягнуць на сябе украінскія вайсковыя сілы. […]

Толькі некаторыя падключылі тэлевізар ужо не да лядоўні, а ўжо да мазгоў. Але колькасць такіх менее. Аналізуючы гэтыя апытанні [дасылаю яму рэгулярна. – М.А.] можна бачыць, што расійскую агрэсію ва Украіне ў той ці іншай ступені падтрымлівае трэць беларусаў – удвая меней, чым падтрымала анэксію Крыма. Дарэчы, у палітыцы, як вядома, разумеюць ўсё. І калі 42% не могуць адказаць на пытанне, то, насамрэч, гэта сведчыць, што пераважная большасць з іх мае пазіцыю, супрацьлеглую афіцыйнай, і “саромеецца” яе агучыць. ? ”

Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3

Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.