Навіны

Марына Адамовіч наведала Міколу Статкевіча ў магілёўскай турме

17 снежня палітвязня Міколу Статкевіча ў магілёўскай турме наведала яго жонка Марына Адамовіч. Гэта было адно з двух дазволеных у год спатканняў. Яно доўжылася дзве гадзіны. (Фота з архіва).

У каментары Радыё “Свабода” Адамовіч выказала надзею, што гэта апошняе іх спатканне ў турме. Менш чым праз месяц у экс-кандыдата ў прэзідэнты заканчваецца трохгадовы тэрмін знаходжання ў турме. Пасля гэтага яго мусяць перавесці ў нейкую з калоній, пакуль невядома якую.

Па словах жонкі, у Статкевіча няма ніякіх расчараванняў, стомленасці або зняверанасці. Марына Адамовіч расказала яму пра апошнія палітычныя падзеі сярод апазіцыі і падзел на дзве калоны перад выбарамі 2015 года. Меркаванне мужа яна вырашыла спярша перадаць палітыкам, а толькі потым — прэсе.

Нагадаем, што экс-кандыдат Мікола Статкевіч за Плошчу 2010 года быў асуджаны на 6 гадоў зняволення. Ён неаднаразова адмаўляўся падпісваць прашэнне аб памілаванні.

euroradio.fm