Марына Адамовіч: “Я перапыняю перапіску”

“Вырашыла завершыць перапіску з Генпракуратурай. Усім сэрцам падтрымліваю Міколаву прапанову аб “рэформе” пракуратуры і пераіменаванні яе у Генеральны паштовы перасылачны пункт,” – напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Мы пацікавіліся ў Марыны, з чым звязаны яе словы?


Марына Адамовіч: “Пачынаючы са жніўня мінулага года Мікалай Статкевіч пяць разоў пісаў у Генеральную пракуратуру аб парушэннях заканадаўства ў дзейнасці ўстановаў пенетэнцыярнай сістэмы, у якіх ён меў няшчасце знаходзіцца. І, з маніякальнай настойлівасцю, ўсе гэтыя звароты пракуратура перанакіроўвала… канешне, у Дэпартамент выканання пакаранняў, то бок, ва ўстанову, дзейнасць якой Мікола прасіў праверыць і  даць ёй прававую ацэнку. Што, дарэчы, з\’яўляецца прамым абавязкам пракуратуры ў адпаведнасці з законам.

На чацвёртым лісце Мікалая, перанакіраваным у Дэпартамент, я вырашыла скарыстацца сваім правам, зафіксаваным у Законе аб зваротах грамадзян, і ад свайго імя паведаміць Генеральнаму пракурору аб недахопах у дзейнасці ўжо пракуратуры

Непасрэдна ў пракуратуры зрабіла запіс ў кнігу скаргаў і прапановаў.  Але, як высветлілася, так проста “здавацца” яны не збіраюцца. Спачатку мне было прапанавана даслаць дакументы, якія б падцвярджалі маё права «прадстаўляць інтарэсы Статкевіча». Я даслала, пазначыўшы пры гэтым, што гавару не ад имя Міколы, а скарысталася сваім уласным правам на паведамленне аб парушэнні актаў заканадаўства і недахопах у працы дзяржаўных органаў, гарантаваным Законам, і спадзяюся на разгляд пастаўленых мной пытанняў па сутнасці.

Чарговы адказ, прызнацца, не здзівіў. Аказваецца, у Генеральнай пракуратуры законы чытаюць выбарачна.

Ты ім – пра парушэнні заканадаўства ў дзейнасці пракуратуры і невыкананні ёй наглядных функцый за ўстановамі, якія выконваюць пакаранне, а яны табе – аб “ведамасным кантролі” таго самага Дэпартамента, спасылаючыся на арт. 19 Крымінальна-выканаўчага кодэкса. Да наступнага артыкула – 20-га, які якраз і вызначае абавязкі пракуратуры, так і не дачыталі?

Што ж… Калі функцыя пракуратуры – перанакіроўваць звароты выключна ў орган, дзеянні якога абскарджваюцца, то “рэформа”, прапанаваная Міколам, – пераўтварэнне ў “Генеральны перасылачны пункт” – акурат  для іх.

Мушу зазначыць, што, калі спатрэбіцца, буду і далей пісаць. Выключна дзеля фіксацыі парушэнняў для будучыні.”