Навіны

Юрыя Рубцова асудзілі на 1,5 году «хіміі»

У судзе Цэнтральнага раёну Менска вынесены вырак актывісту з Гомеля Юрыю Рубцову за абразу судзьдзі — паўтара гады абмежаваньня волі.

Рубцова прызналі вінаватым у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса «Абраза судзьдзі або народнага засядацеля». Вырак вынесла судзьдзя Натальля Вайцаховіч.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць вырак, бо вінаватым сябе не прызнае.

Сьледзтва супраць Рубцова распачалося 5 жніўня, калі яго дапыталі ў Савецкім аддзеле Сьледчага камітэта Менска ў якасьці падазраванага. У аснове абвінавачваньня — заява судзьдзі Савецкага раёна Менска Кірыла Палулеха, які сьцьвярджае, што падчас разгляду адміністратыўнай справы Юрыя Рубцова 28 красавіка той нібыта абразіў судзьдзю зьневажальнымі словамі.

За абразу судзьдзі прадугледжваюцца розныя віды пакараньня — штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін ад трох да шасьці месяцаў ці абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў раней “Нашай Ніве”, што што суд над Рубцовым расцэньваецца выключна як палітычна матываваны і, “калі Рубцоў будзе прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу — так званай «хіміі», праваабаронцы будуць лічыць яго палітычным вязнем».

Фота Максіма Вінярскага.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода