Грамадская акцыя

Мікалай Стакевіч: Зберагчы сваю краіну

Беларусы з\’язжаюць. З-за адсутнасці працы, мізэрных заробкаў, немагчымасці пракарміць сябе і свае сем\’і. Сотні тысячаў людзей мусяць пакідаць звыклае жыццё і ехаць у невядомасць. За адзін мінулы год від на пастаяннае жыхарства ў краінах ЕС атрымалі каля 100 тысячаў нашых суграмадзянаў. У Расію, дзе не трэба візаў і вучыць мову, з\’язжаюць нашмат болей. Больш за мільён беларусаў пакінулі Радзіму.

Правінцыя, асабліва ўсходнія райцэнтры і вёскі, пусцее. Калі раней з\’язжалі маладыя і актыўныя, то цяпер – усе, хто яшчэ мае сілы ды не спіўся.
У вельмі шматлікіх цяпер маршрутках на Маскву людзі гавораць пра адсутнасць усякіх перспектыў для нармальнага жыцця на радзіме, дзеляцца інфармацыяй пра мажлівасць знайсці працу і жытло, перавезці сем\’і.

Хто тут застанецца, калі сітуацыя не палепшыцца? Хаця, у Светлагорску 500 працоўных месцаў на новым вельмі шкодным для экалогіі хімічным заводе, раней абяцаных гораду, ужо аддалі кітайцам.

Прычыны правалу эканамічнай палітыкі рэжыма вядомыя. Вялікі дзяржаўны калгас, дзе адзін кіруе, а астатнія паднявольныя выканаўцы, не можа канкураваць на сусветным рынку свабодных вытворцаў. Але гэты рэжым ніколі не дасць людзям свабодна працаваць на сябе, гарантый захавання іх уласнасці і мажлівасці абароны правоў у незалежным судзе.

Той, хто 20 гадоў таму здрадзіў прэзідэнтскай прысязе, справядліва баіцца крымінальнай адказнасці за свае асабліва цяжкія злачынствы. Ён да апошняга будзе трымацца за ўладу, каб пазбегнуць пакарання. Яму трэба менавіта калгас замест эфектыўнай канкурэнтнай свабоднай эканомікі. Бо яго вялікі калгас дазваляе арганізаваць кантроль за кожным з нас па месцы працы, запалохваць звальненнем за нашу палітычную актыўнасць. І захоўваць так сваю ўладу.

Яму пляваць, што ў тым калгасе многім ужо не хапае грошай на жыццё, што сотні тысячаў людзей мусяць пакідаць сваіх родных і ехаць на чужыну за кавалкам хлеба. Дзеля ўлады ён гатовы на ўсё. Ад здрадніка нельга чакаць адказнасці за лёс краіны і народа.

Калі мы хочам зберагчы сваю краіну для сябе і будучых пакаленняў, мы павінны супраціўляцца дыктатуры.

24 лістапада, ў 20-ю гадавіну антыканстытуцыйнага пераварота, на пл. Свабоды Мінска ў 18.00 пачнецца мітынг пратэсту супраць дыктатуры.

Вернем Беларусі свабоду.
Уладу – народу!

Мікалай Статкевіч

Facebook