Мікалай Статкевіч: Абранне Трампа адкрывае шанец для пераменаў у Беларусі

Цяпер як ніколі патрэбная кансалідацыя ўсіх здаровых і патрыятычных сіл.

Пра гэта ў інтэрв\’ю charter97.org заявіў лідар беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

– Як вы пракаментуеце перамогу Дональда Трампа на выбарах у ЗША? Да якіх наступстваў гэта можа прывесці – для сусветнай палітыкі і для Беларусі?

– Калі Дональд Трамп пачне рэалізоўваць свае перадвыбарныя абяцанні, у сусветнай эканоміцы і палітыцы можа пачацца перыяд турбулентнасці.

Калі ягоная перадвыбарная праграма пачне рэалізоўвацца цалкам, гэта прывядзе да «гандлёвых войнаў» і эканамічнаму спаду ў глабальным маштабе. Але з іншага боку, палітыка Трампа павінна прывесці да падзення коштаў нафты. Ён не раз заяўляў аб тым, што збіраецца зняць экалагічныя абмежаванні на здабычу нафты ў самой Амерыцы.

А падзенне коштаў нафты адназначна прывядзе да паглыблення крызісу ў суседняй з намі Расеі. Аўтаматычна гэта абвострыць крызіс лукашэнкаўскай эканомікі, якая з\’яўляецца звычайным філіялам расейскай і таксама залежыць ад коштаў нафты.

Гэта выкліча рост сацыяльнай напружанасці ў нашым рэгіёне і павялічыць імавернасць сур\’ёзных палітычных узрушэнняў. Я не выключаю і таго, што расейскія і беларускія ўлады адкажуць на эканамічныя цяжкасці радыкалізацыяй метадаў «кіравання». Крэмль таксама можа перайсці да нейкіх непрадказальных дзеянняў у замежнай палітыцы, у тым ліку і да агрэсіі.

Міжнародная палітыка ЗША ў эпоху Трампа, праз асаблівасці характару новага прэзідэнта, будзе больш жорсткай. Ёсць пэўныя асцярогі, што ў самым пачатку гэтая палітыка будзе звязаная са спробамі дамовіцца з пуцінскай Расеяй і нават правесці межы сфер уплыву, якія могуць закрануць і нас.

Але не трэба забываць, што ў гэтых «зонах уплыву» апынуцца краіны і людзі, якія маюць сваё бачанне на геапалітыку і свой пэўны ўплыў у свеце. І наступным крокам будзе адназначны рост напружанасці ў дачыненнях паміж Вашынгтонам і Масквой. Калі Расея, абапіраючыся на нейкія дамоўленасці з Трампам, пачне паводзіць сябе занадта актыўна ў сваёй «зоне ўплыву», то новы прэзідэнт ЗША больш рэзка адрэагуе на абвінавачванні ў «слабасці» і ягоныя дзеянні будуць больш рашучымі, чым у адміністрацыі Абамы.

Гэта можа прывесці нават да жорсткага канфлікту паміж Расеяй і ЗША. І калі раней пагражалі ядзернай зброяй Паўночная Карэя і Пуцін, то цяпер да гэтага можа далучыцца і самая моцная звышдзяржава ў свеце.

Але ў гэтым трывожным сцэнары ёсць і пазітыўны момант: абранне Трампа насамрэч адкрывае шанец для дэмакратычных пераменаў у Беларусі. У выніку супрацьстаяння з Трампам аслабне крамлёўскі рэжым і кантроль Расеі над нашай краінай.

У беларусаў можа з\’явіцца рэальны шанец уладкаваць сваю краіну і зажыць у дэмакратычнай дзяржаве. Але перыяд пераходу да гэтага будзе няпростым, поўным сур\’ёзных выклікаў.

Але галоўнае: тыя, хто цяпер у Крамлі ладзяць банкеты ў гонар абрання Трампа, потым будуць з велізарнай настальгіяй успамінаць стрыманага, паслядоўнага, прадказальнага, зацыкленага на ўнутраных праблемах ЗША Барака Абаму.

– Вы сказалі, што абранне Трампа адкрывае шанец для беларускай дэмакратыі. Што канкрэтна ў гэтай сітуацыі павінна рабіць беларуская апазіцыя?

– Усё, што ёсць жывога і здаровага ў беларускіх дэмакратычных сілах, павінна цяпер аб\’яднацца. Год таму я яшчэ казаў аб аб\’яднанні ўсёй апазіцыі, але цяпер хачу падкрэсліць: менавіта яе жывая і здаровая частка. Называць сябе дэмакратычнымі сіламі могуць многія, але цяпер відаць, што некаторыя ўжо зусім «не жывыя і здаровыя», і няма сэнсу далучаць іх для развязання такіх сур\’ёзных задач.

А жывыя і здаровыя сілы павінны кансалідавацца і рыхтавацца да самых нечаканых, магчыма нават жорсткіх сцэнароў.

Платформа для аб\’яднання здаровых сіл ёсць: гэта Беларускі нацыянальны кангрэс, які ставіць сваёй задачай скончыць гэты працэс кансалідацыі да канца года.

І ўсе патрыятычныя сілы цяпер, акрамя задачы падрыхтоўкі пераменаў у Беларусі, павінны памятаць яшчэ аб адной сваёй важнай місіі: абароне незалежнасці нашай краіны. Таму што марыянеткавы рэжым Лукашэнкі гэтым займацца не будзе.