Мікалай Статкевіч. “Аб’яднаць дзве Беларусі”

Для мяне існуюць дзве Беларусі. Першая — нацыянальна свядомая, патрыятычная, з веданнем рэальнай гісторыі краіны і адказнасцю за яе будучыню. Другая — абыякавая да абстрактных ідэй, заклапочаная ў большасці толькі жыццём сваіх сем’яў.

Першую Беларусь хвалюе будучыня краіны і нацыі, другую — толькі ўласны дабрабыт. І, безумоўна, першая Беларусь непараўнальна меньшая за другую.

Гісторыя апошняга стагоддзя паказвае, што калі першая Беларусь не абапіраецца на падтрымку другой, то ўсе яе праекты будаўніцтва нацыі і дзяржавы церпяць паразу. Як гэта было 100 гадоў таму. Тады ледзь не адзіны масавы выступ беларусаў за незалежнасць — у 1920 годзе на Случчыне, — стаў вынікам аб’яднання нацыянальна свядомых палітыкаў і сялян, якія хацелі абараніць свае гаспадаркі ад бальшавіцкіх рэквізіцый.

У пачатку 90-х першая Беларусь здолела прыцягнуць да сябе надзеі другой, змучанай савецкім дэфіцытам неабходных рэчаў, карупцыяй і хлуслівасцю камуністычнай наменклатуры. Але, на жаль, ненадоўга.

Падчас першых і адзіных вольных прэзідэнтскіх выбараў людзі, якія перажывалі сацыяльны шок і назіралі рост карупцыі ды маёмаснай няроўнасці, чакалі ад палітыкаў зразумелых прапаноў па вырашэнню сваіх праблем. Замест гэтага тагачасны лідар нацыянальных сіл распачаў публічную барацьбу супраць здані даўно памерлага Леніна і незразумелую тады для большасці кампанію супраць Расіі, якая ў той час яшчэ спрабавала шукаць шляхі да свабоды і, між іншым, без умоў забяспечвала Беларусь таннымі газам і нафтай.

Акрамя таго, вядучая ў той час нацыянальная партыя пачала дзіўную канкурэнцыю з грамадскімі арганізацыямі за права святкаваць пераможныя гадавіны беларускай вайсковай гісторыі. Разумею, як важна для нацыянальна свядомай меньшасці, тады і зараз, хоць на некалькі гадзін апынуцца сярод вялікай колькасці аднадумцаў, у суквецці нацыянальных сцягоў. Але занятая выжываннем большасць успрымала зацыкленасць нацыянальных палітыкаў на незразумелых ёй святах, як ігнараванне імі яе болю, яе праблем. Таму на прэзідэнтскіх выбарах абрала таго, хто казаў пра галоўнае для іх. Вынік таго выбару вядомы.

20 гадоў патрыёты ў меньшасці змагаліся за дэмакратыю, супрацьстаялі спачатку спробам улады здаць краіну, потым – гандляваць яе суверэнітэтам «ураздроб». Але зараз у меньшасці апынуўся сам правячы рэжым, які ненавідзіць 80% насельніцтва. У патрыятычных сіл ёсць зараз усе прадумовы і абавязак узначаліць пратэстную большасць. Для гэтага трэба публічна выступіць у абарону сацыяльных і палітычных правоў людзей. Ужо існуе грамадскі кансэнсус па незалежнасці, дэмакратыі, неабходнасці перамен. Да таго ж, калі людзі бачаць, што вы сапраўды бароніце іх інтарэсы, то яны ў адказ прымаюць і вашу ідэялогію.

Каб стаць рэальнай альтэрнатывай рэжыму, трэба, найперш, публічна абазначыць сябе ў гэтай якасці. Акрамя масавых пратэстных акцый, у патрыятычных сіл больш няма рэальных сродкаў для гэтага. Бо заявы ў памяшканнях ніхто не чуе. А «выбары» ўжо не цікавяць нікога, акрамя чыноўнікаў, якія арганізуюць патрэбныя лічбы.

На жаль, кіраўніцтва дазволенай апазіцыі за гады ціску ўлады не толькі згубіла здольнасць супрацьстаяць ёй, але нават трапіла пад уплыў рэжыма.

Каб пазбегнуць свайго самага важнага, але небяспечнага абавязку — барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць, кіраўнікі большасці апазіцыйных партый пачалі займацца выключна «малымі справамі», што павінны належаць арганізацыям грамадскага сектара.

Праўда, ёсць яшчэ перыядычная імітацыя «ўдзелу» ў імітацыі «выбараў», але яе можна не ўлічваць з-за нікчэмнага ўплыву на сітуацыю.

«Малыя справы», скіраваныя на паляпшэнне рэжыма, не прынясуць свабоды, бо маюць дакладнае абмежаванне — улада іх церпіць, пакуль яны не пачынаюць супярэчыць яе інтарэсам. Да таго ж, калі ўсе палітыкі пойдуць у грамадскі сектар, то рэжым пачне пераследаваць грамадскіх актывістаў — створаная машына рэпрэсій не можа прастойваць.

Улада разумее небяспеку для сябе масавых пратэстных акцый. Яна не толькі рэпрэсуе іх удзельнікаў, але імкнецца дыскрэдытаваць саму ідэю пратэста.

Як гэта не дзіўна, да кампаніі дыскрэдытацыі пратэста актыўна далучыліся некаторыя з нацыянальна свядомай часткі грамадства. Арганізатараў выключна мірных акцый пратэста, на якіх людзі патрабуюць свабодных выбараў і дыялога з уладай, насуперак здароваму сэнсу называць «радыкаламі», якія «граюць на руку Масквы».

Спустошаныя энэргетычна і сэнсоўна былыя нацыянальныя лідары думак гатовы задаволіцца імітацыяй «беларусізацыі па дробязям», заплюшчыўшы вочы на рэальна катастрафічны стан дзяржавы. Дайшло да таго, што асобныя «мысляры» сталі лічыць галоўнай надзеяй на захаванне незалежнасці ненавісную для народа персону, якая свядома ператварыла нашу краіну ў філію іншай дзяржавы, якая нясе адказнасць за катастрафічны стан мовы і засілле расійскай ваеннай прапаганды ў медыйнай прасторы Беларусі. Дзіўнае, падобнае на паталогію імкненне заўсёды заставацца ў меньшасці.

Падрыхтоўка і святкаванне 25 сакавіка, калі кіраўнікі дазволеных рэжымам партый за спінамі большасці аргкамітэта дамаўляліся з чыноўнікамі, якія толькі што апусцілі іх на «выбарах», выразна паказала рэальны стан рэчаў. Для нас цяпер відавочна, што ролю адзінай рэальнай альтэрнатывы правячаму рэжыму для пратэстнай большасці народа можа ўзяць на сябе толькі Беларускі Нацыянальны Кангрэс.

Мы апынуліся пад ударамі з ўсіх бакоў. Але не адступім, бо разумеем — калі мы не станем альтэрнатывай рэжыму ў вачах большасці, то яна знойдзе для сябе альтэрнатыву за межамі Беларусі. Тады наша краіна згубіць нават фармальную незалежнасць.

Мы ніколі не скарымся з ганебнай сітуацыяй, калі беларусы застаюцца АДЗІНАЙ паняволенай нацыяй у Еўропе. Не зважаючы ні на што, мы будзем працягваць змаганне. Бо толькі мы яшчэ маем шанец аб’яднаць абедзьве Беларусі, каб здабыць свабоду і захаваць незалежнасць нашай краіны.

Героі, якія 25 сакавіка вышлі на плошчу Якуба Коласа, не толькі абаранілі гонар нашай нацыі. Яны не толькі паказалі Беларусі і свету хлуслівасць гульняў рэжыма з «беларусізацыяй» і «лібералізацыяй». Яны яшчэ захавалі, у гадавіну падаўлення мінулагодняга народнага выступу за свае правы, наш шанец на народную павагу і давер. А значыць — наш шанец уратаваць сваю краіну.

Свабоду нельга дачакацца. Свабоду немагчыма выпрасіць. Свабоду можна толькі здабыць.

Мікалай Статкевіч. 30 сакавіка 2018 года

hramada.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *