Мікалай Статкевіч пайшоў у царкву

У пятую гадавіну самага масавага пратэсту ў гісторыі сучаснай Беларусі Мікалай Статкевіч разам з паплечнікамі памаліўся ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы за палітвязняў і ахвяраў Плошчы-2010.

Гэта першая гадавіна Плошчы, якую Мікалай Статкевіч сустракае не за кратамі. Апроч былога кандыдата ў прэзідэнты, у сабор прыйшла ягоная жонка Марына Адамовіч, ды яшчэ некалькі грамадскіх актывістаў.

Грамадскі актывіст Максім Вінярскі прыйшоў у царкву, каб памаліцца не толькі за тых, каго выпусцілі, але і тых, каго закрыюць за кратамі:

«Для мяне гэта была не акцыя, а малітва. Малітва за палітзняволеных, малітва за тых, хто быў раней, хто ёсць зараз, хто зараз па-за межамі краіны праз сваю дзейнасць. За тых, хто магчыма стане палітзняволеным».

Так супала, што менавіта сёння, 19 снежня, праваслаўныя вернікі святкуюць дзень Святога Мікалая. Да гэтага святога ў жонкі Мікалая Статкевіча асабістыя пачуцці:

«У мяне ёсць асабістае стаўленне да Святога Мікалая – святога, да якога я звярталася ўсе гэтыя гады».

Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў траўні 2011 года да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у Плошчы. Сёлета палітыка, усяго за паўтара месяца да правядзення чарговых прэзідэнцкіх выбараў, вызвалілі паводле рашэння кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.

Віталь Бабін, «Белсат»