Актуальна

Мікалай Статкевіч: Лукашэнка пойдзе на перамовы, калі яго будзе позна ратаваць ад народнага гневу

Апазіцыя павінна дзейнічаць больш рашуча.

Пра гэта ў інтэрв\’ю charter97.org заявіў былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч.

– Мікалай Віктаравіч, што за дзіўная інфармацыя з\’явілася пра прапанову аб правядзенні «круглага стала» з Лукашэнкам, якую распаўсюдзіла «Радыё Свабода»?

– Не ведаю ні пра які «круглы стол». Быў дакумент, звязаны з санкцыямі і парламенцкай кампаніяй наступнага года. Яна павінна прайсці ў верасні. Перад апазіцыяй стаіць пытанне: што рабіць з такой кампаніяй і з такімі «выбарамі», галасы на якіх не лічаць. Акрамя таго, вы ведаеце, што санкцыі супраць Лукашэнкі прыпынілі на чатыры месяцы. Што рабіць, каб гэтыя санкцыі не скасавалі? Можа быць, нават варта скарыстацца ціскам Захаду – а ў яго цяпер з\’явіўся фінансавы рычаг, бо рэжыму патрэбныя грошы, расейскіх ужо не хапае – каб паспрабаваць змяніць сітуацыю з выбарамі.

Таму я падпісаў супольную заяву кіраўнікоў дэмакратычных арганізацый аб тым, каб пытанне скасавання персанальных санкцый супраць Лукашэнкі ўвязалі са змяненнем выбарчага заканадаўстваі з правядзеннем парламенцкіх выбараў. Мы не вельмі ўпэўненыя, хутчэй нават не ўпэўненыя, што Лукашэнка пойдзе тут на саступкі. Але гэта будзе добрым спосабам для таго, каб паказаць ягоным новым заходнім сябрам, што гэты чалавек не імкнецца да дэмакратыі, нічога ў гэтым кірунку не робіць і прымусіць іх вярнуцца да персанальных санкцыяў.

З боку калег была яшчэ адна палітычная прапанова Захаду арганізаваць нейкі «круглы стол». Я не ўважаю гэтую прапанову за рэальную. Размаўляюць толькі з моцнымі. Лукашэнка пагодзіцца размаўляць з дэмакратычнымі сіламі толькі тады, калі ўжо будзе позна ратаваць яго ад народнага гневу. Не раней. Аднак, чаму б і не. Хай ён чарговым разам адмовіцца і пакажа сваім новым сябрам, што не імкнецца да нейкага кампрамісу і мірнага развязання праблем дэмакратыі.

Але было вельмі дзіўна, калі з дакумента, прысвечанага выбарам, падрыхтоўцы да іх, змене выбарчага заканадаўства быў штучна выдраны гэты малазначны палітычны тэзіс і зроблены асноўным. На мой погляд, гэта кажа аб некаторай зараджанасці шэрагу СМІ на разбурэнне эфекту ад досыць важнага міжнароднага ходу апазіцыі.

– Для чаго яны гэта робяць, на ваш погляд?

– Што граху таіць – не можа быць у Беларусі незалежных дэмакратычных сродкаў масавай інфармацыі. Усе яны залежаць, каб быць даступнымі грамадству, друкавацца ў друкарнях, мець офісы і наогул магчымасць быць на волі. Яны павінны абмяжоўваць сябе ў пэўных выказваннях. Напэўна, гэта трэба называць самацэнзурай. Усё гэта мы разумеем і добра, што яны ёсць, асабліва газеты. Знаходзячыся ў турме, я не мог ні паслухаць незалежнае радыё, ні зайсці ў інтэрнэт. Але газеты даходзяць і нясуць інфармацыю. Так, ты разумееш, што яны не толькі самацэнзурай займаюцца. Магчыма, ім даюць канкрэтныя ўказанні.

Я чуў ад журналістаў «пра гэтага палітыка нельга пісаць ці нельга пісаць занадта добра, а пра гэта можна і нават пажадана». Усё гэта зразумела. Хай лепш будзе ў Беларусі такое, чым нічога, асабліва на паперы і ў радыёэфіры, бо ў інтэрнэт можна з усякага месца свету зайсці. Але напэўна было б справядліва, калі б вашы калегі – я з павагай стаўлюся да іх працы – папярэджвалі пра гэта.

Можа быць, нават нагадвалі сваёй аўдыторыі, што так, мы не ўсё тут можам сказаць, зразумейце гэта, але вельмі важна каб мы прадаўжалі працаваць, астатняе дадумваць самі. Гэта дазволіла б аўдыторыі больш уважліва чытаць інфармацыю, шукаць яе ад іншых крыніц. Інакш, без гэтага папярэджання, атрымліваецца скажоная выява свету, і гэта дрэнна.

– Што напраўду цяпер павінна рабіць апазіцыя?

– Задача апазіцыі – змагацца за нармальную краіну, рабіць для гэтага ўсё неабходнае, нават калі гэта страшна, небяспечна і звязана з нейкімі ахвярамі. Проста займаць месца апазіцыі – паказваць: вось мы ёсць, вось наш офіс, вось партыя зарэгістраваная і дзейнічаць у гэтым «калідоры», каб не страціць офіс і рэгістрацыю – гэта, напэўна, у большай ступені, значыць працаваць супраць дэмакратыі.

У хіміі вядомы такі эфект, які называецца «кропка кіпення». Напрыклад, ёсць нейкі раствор, які закіпае пры ста градусах па Цэльсіі, але яго трэба нагрэць да 120. Тады туды кідаюць часцінку рэчывы і пры награванні ў адной лакальнай кропцы кіпенне пачынаецца пры, напрыклад, 80 градусах. А ўвесь астатні раствор стабільны і спакойны. Награваюць далей: 100, 110, 120 – раствор не закіпае, кіпіць толькі ў адным пункце. Дык вось самае найгоршае для апазіцыі – калі яна адлюстроўвае кіпенне ў адным маленькім сегменце грамадства, а ўсе астатнія глядзяць і думаюць: «У нас жа апазіцыя ёсць, яна ж гэтым займаецца, калі яна не можа, то што ж можам мы?» І грамадства застаецца спакойным, што б улада не рабіла.

На мой погляд, на жаль, калегі ператварыліся менавіта ў такі пункт кіпення – Шумім у сябе ў офісах і аўдыторыях, імітуем барацьбу. А грамадства глядзіць і думае: «Напэўна, так, яны змагаюцца і больш нічога зрабіць не могуць». І застаецца спакойным, нягледзячы на тое, што заробкі ды ўзровень жыцця падаюць, улада робіць зусім дзікія крокі.

Апазіцыі трэба дзейнічаць больш публічна, адкрыта і зразумела і не заставацца ў рамках, у якія загнала ўлада.

Хартыя\’97