Міліцыя шукае былога палітвязня Эдуарда Лобава

Магчыма, у дачыненні да Эдуарда Лобава завялі новую крымінальную справу.

Як паведаміла сайту «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» мама былога палітычнага зняволенага Эдуарда Лобава Марына Лобава, магчыма, у дачыненні да яго распачатая новая крымінальная справа.

«Сёння, 4 лістапада, а 08:10 раніцы прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Шукалі Эдуарда. Хацелі зайсці ў кватэру і агледзець, але так як ордэра на ператрус у іх не было, я іх не пусціла. Пыталіся, калі апошні раз бачыла сына, і, дзе ён знаходзіцца. Сам візіт міліцыі нечаканым не быў, бо наведваюць яны мяне не першы раз. Але гэтым разам здзівілі тым, што шукаюць яны Эдуарда за злачынства ўчыненае паводле арт. 206 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (рабаванне), а не паводле арт. 421 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду) і арт. 422 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду). Патлумачыць мне неадпаведнасць раней прад\’яўленага абвінавачання і цяперашняга прыбылыя супрацоўнікі не змаглі. Сказалі, што ім далі паперы, і яны пайшлі шукаць. То я пакуль і не ведаю, ці то гэта звычайны нізкі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў МУС і няведанне артыкулаў Крымінальнага Кодэкса, ці то на сына зноў сфабрыкавалі новую крымінальную справу», – расказала яна.

Эдуард Лобаў разам са старшынёй «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 снежня 2010 года – гэта было прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія праходзілі на наступны дзень. 22-гадовы актывіст быў прызнаны вінаватым паводле часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса – «асабліва злоснае хуліганства» і прысуджаны да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Хартыя\’97