Актуальна

Мікалай Статкевіч: Мы ніколі не змірымся з захопам улады адным чалавекам!

Сёння 20-годдзе пачатку адкрыта злачыннай часткі спецаперацыі па захопу ўсёй улады ў краіне тады яшчэ легітымным прэзідэнтам.

14 лістапада 1996 года законна абраны Вярхоўным Саветам Беларусі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі(ЦВК) Віктар Ганчар на прэс-канферэнцыі заявіў пра массавыя парушэнні ў арганізацыі прызначанага на 24 лістапада рэферэндума аб зменах у Канстытуцыі. В. Ганчар заявіў, што калі парушэнні не спыняцца, то ён не падпіша выніковы пратакол рэферэндума.

Тады прэзідэнтскія ахоўнікі гвалтоўна захапілі памяшканне ЦВК і пасадзілі туды Л. Ярмошыну, у парушэнне Канстытуцыі прызначаную прэзідэнтам, а не парламентам, на месца В. Ганчара.

Вынікі “рэферэндума” 24 лістапада такім чынам былі прадвызначаны. Праз 3 гады Віктар Ганчар быў выкрадзены і забіты сілавікамі рэжыма.

Завяршыўся гэты антыканстытуцыйны пераварот усталяваннем поўнага кантроля аднага чалавека не толькі над выканаўчай, але і над заканадаўчай і судовай уладамі. Тэрмін прэзідэнтскіх паўнамоцтваў быў злачынна працягнуты на 2,5 гады.

Падставай для ўсяго гэтага былі аб\’яўлены вынікі “рэферэндума”, які быў нелегітымным з моманту бандытскага захопу ЦВК і злачыннага змяшчэння яго старшыні, а таксама насіў толькі кансультатыўны характар. Пра што сведчыў адпаведны запіс на кожным з бюлетэняў для галасавання.

Здзіўляе дэманстратыўнае грэбаванне злачынцамі нормамі заканадаўства. Яны нават не паклапаціліся зацвердзіць вынікі “рэферэндума” дэмаралізаваным пасля яго Вярхоўным Саветам.

Магчыма кіраўнік пераварота ўжо бачыў сябе прэзідэнтам Расіі, якой ён хацеў здаць нашу краіну ўзамен на гэтую пасаду. Таму і не клапаціўся пра хаця б выгляд законнасці ў Беларусі, якую называў тады “пройдзеным этапам”.

Адкладзеныя наступствы таго злачынства мы назіраем зараз па таму эканамічнаму і геапалітычнаму тупіку, у якім апынулася наша краіна.

24 лістапада ў 18.00 на пл. Свабоды ў Мінску пачнецца мітынг з нагоды 20-годдзя антыканстытуцыйнага перевароту. Мы ніколі не змірымся з захопам улады адным чалавекам.

Уладу – народу!