У абарону амерыканскага істэблішмэнта
Часта чытаю, як некаторыя эксперты, аналізуючы прычыны нечаканай для многіх паразы Клінтан на выбарах у ЗША, у якасці такіх прычын называюць хібы элітаў гэтай краіны. Маўляў, амерыканскі істэблішмент “зажраўся і адарваўся ад народа”.
Амерыканскія эліты дагэтуль добра вырашалі задачы развіцця і ўмацавання сваёй краіны, а таксама аб\’яднання яе грамадства і прадухілення значных унутраных канфліктаў. Для шматнацыянальнай, шматрасавай і шматканфесійнай краіны вырашэнне апошняй задачы – вельмі няпростая функцыя.
Амерыка – найбольш магутная і багатая краіна свету, дзе мірна суіснуюць людзі розных культур, рэлігій і колераў скуры. Гэта само па сабе сведчыць пра высокую якасць амерыканскага істэблішмента, які прагназуе магчымыя небяспекі і загадзя прадухіляе патэнцыйныя пагрозы.
Іншая справа, што жыхарам меньш паспяховых краінаў не заўсёды бываюць зразумелыя як унутрыамерыканскія пагрозы, так і спосабы барацьбы супраць іх.
Напрыклад, шырокае ўжыванне масавай культуры для аб\’яднанне ў адно грамадства людзей, адрозных па расе, полу і нават сексуальнай арыентацыі.
Шчыра прызнаюся, што нават разумеючы гэта, не магу глядзець занадта паліткарэктныя фільмы з акторкамі, якія безмускульнымі рукамі раскідваюць атлетычных мужчынаў, ці чорнаскурымі каўбоямі. Бо ўбачанае на экране ўступае ў занадта кардынальнае супярэчанне з маімі жыццёвымі і гістарычнымі ведамі.
Але такія фільмы масава прадукуюцца і паціху сваю функцыю выконваюць. Як выконваюць сваю функцыю, напрыклад, шматлікія амерыканскія праграмы падтрымкі чорнаскурых студэнтаў, асабліва жанчын. Не думаю, што абранне першага чорнаскурага прэзідэнта было простай выпадковасцю.
Зразумела, што ўсё гэта скіравана на інкарпарацыю ўсіх расавых групаў у адзіны ўзаемазвязаны сярэдні клас, каб прадухіліць у будучыні міжрасавыя войны. Але белым студэнтам, якія мусяць самі плаціць за сваю вучобу, такая няроўнасць можа не падабацца. Як не падабацца гэтая няроўнасць і адыход ад традыцыйных канонаў маралі мільёнам белых амерыканцаў. Бо гэта закранае іх сённяшнія інтарэсы. Ды і чалавечыя ментальнасць мяняецца вельмі марудна.
Гэтыя мільёны, як кажуць, “з\’елі” чорнаскурага прэзідэнта. Але “з\’есці” адразу пасля яго прэзідэнта-жанчыну былі негатовыя. Тут сапраўды эліты адарваліся ад народа. У сэнсе, пайшлі далей, чым гэта гатова была прыняць занадта значная частка народа.
Не думаю, што тут вырашальную ролю адыгралі спадзяванні жыхароў так званага “іржавага пояса” закінутых прамысловых прадпрыемстваў на эканамічны папулізм Трампа. Гэты пояс ужо даўно іржавее і будзе іржавець далей – у эканомікі свае законы.
Проста таленавіты арганізатар тэлевізійных шоу ўбачыў разрыў паміж дзеяннямі элітаў на карысць большай талерантнасці і негатоўнасцю значнай часткі грамадства прыняць такія дзеянні. Ён адчуў стомленасць так званых простых людзей ад празмернай для іх паліткарэктнасці. І цынічна скарыстаўся ёй напоўніцу.
Такія “адрывы” здараліся і ў беларускай найноўшай гісторыі, калі лідар апазіцыі прапаноўваў грамадству перад выбарамі погляды, якія грамадства тады не было гатовае прыняць. У выніку – адрыў ад людзей і параза дэмакратыі.
Каб такога не здаралася, трэба выконваць вельмі простае правіла. Калі да выбараў далёка, то прапагандуйце свае погляды, сваё бачанне шляху краіны. На выбарах трэба прапаноўваць бліжэйшыя пункты таго шляху, зразумелыя і бачныя большасці. Бо інакш толькі і застанецца, што праз гадоў 20 казаць: “Я заўсёды меў рацыю.” Але каму гэта ўжо будзе цікава.
Мікалай Статкевіч, Facebook