Мікалай Статкевіч: Памяць пра вайну нацый, якія перажылі акупацыю, больш глыбокая і трагічная.
Беларусы шануюць Дзень перамогі над гітлераўскай Германіяй зусім не таму, што “наглядзеліся тэлевізара”. У свядомасці народа яшчэ існуе і перадаецца ў пакаленнях страшная памяць пра масавыя забойствы, смерці блізкіх, спаленыя хаты і голад.
Памяць пра вайну нацый, якія перажылі акупацыю, больш глыбокая і трагічная. Бо яна ўключае ў сябе дадатковы складнік – памяць бабуль і маці пра пастаянны жахлівы страх і асабісты трагічны досвед беззабаронных мірных людзей. Гэтая жудасная траўма яшчэ не загаілася. Для беларусаў Дзень перамогі – найперш дзень, калі перасталі страляць і забіваць, калі мужы, бацькі і сыны пачалі вяртацца дахаты.
Ігнараванне большасцю апазіцыі народнай памяці пра тыя страшныя падзеі дазволі рэжыму прыватызаваць і скарыстаць Дзень перамогі дзеля надання легітымнасці сваёй палітыцы, дэманстрацыі еднасці ўладаў з народам і чужароднасці дэмакратычных сіл.
Зараз свой сэнс Дню перамогі спрабуюць надаць іншыя, шавіністычныя сілы. Рэагаваць на гэта толькі крытыкай афіцыйных гістарычных штампаў, дэманізацыяй сімвалаў, якія большасць па інэрцыі працягвае лічыць сімваламі перамогі – безадказна і небяспечна.
Мікалай Статкевіч 11 траўня 2018 года