Мікалай Статкевіч патэлефанаваў з турмы

9 сакавіка Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным.

“Гэта лепшы падарунак да свята!” – кажа жонка палітвязня.

Па словах жонкі зняволенага палітыка, яна чакала гэтага званка – звычайна Статкевічу дазваляюць патэлефанаваць родным у пачатку месяца.

Гэта – адзінае дазволенае тэлефанаванне і адзіная мажлівасць пачуць яго голас – раз на месяц“, – кажа Марына Адамовіч, якая якраз вярнулася з Варшавы, дзе прымала ўдзел у мерапрыемствах салідарнасці з вязнямі сумлення:

– Вельмі бадзёры, вельмі добры голас. Ён ведае, што я люблю гэтае свята. Для мяне гэта найлепшы падарунак, які я магла атрымаць. Хаця, канешне, заўжды чакаю іншага падарунка – іх вызвалення.

У яго прагулачным дворыку ў адным куточку на ўзроўні твару з\’явілася сонейка, ён расказаў мне пра сонейка, пра тое, што яны з суседам “гуляюць” у тым куточку па чарзе, пра іншыя навіны. Ён вельмі шмат займаецца англійскай мовай і ніколі, ні пры якім надвор\’і, не прапускае свае прагулкі.

Я запыталася, канешне, і пра ўмовы, пра харчаванне, пра абяцанае ад пачатку года штомесячнае забяспечанне сродкамі гігіены, якое дзяржава павінна гарантаваць усім зняволеным, і якога яны звычайна не атрымліваюць, – кажа Марына Адамовіч. – На жаль, нічога, насуперак абяцанням, не памянялася…”

Марына хоча звярнуць увагу грамадскасці на гэта пытанне, каб праблема была вырашаная не толькі для Мікалая Статкевіча, але і для пенетэнцыярнай сістэмы ў цэлым.

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.