Сяргей Марцалеў просіць выезд за мяжу на лячэнне

Сяргей Марцалеў, кіраўнік перадвыбарчага штабу Мікалая Статкевіча, асуджаны за ўдзел у Плошчы 2010 года да 2 гадоў зняволення ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам, звярнуўся ў міліцыю Партызанскага раёна Менска па дазвол на часовы выезд за мяжу.

З 1 красавіка па 28 чэрвеня ён збіраецца наведаць 3 краіны, у тым ліку Польшчу. Марцалеў цягам 2 гадоў выпрабавальнага тэрміну не мае права пакідаць месца жыхарства без дазволу крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Па яго словах, выезд яму патрэбны для лячэння. Да сваёй заявы ён прыклаў медычныя даведкі.

Што мяне да гэтага падштурхнула? У Варшаве, у рэшце рэшт, сустрэлася са сваім мужам Ірына Уладзіміраўна Халіп, з якой мы былі звінавачаны ў адным судовым працэсе. Я за яе шчыра і па-чалавечы рады. І калі ў мяне будзе магчымасць паправіць здароўе і ўбачыць сваіх сяброў, тых, хто не жыве ў Беларусі, то гэта будзе вельмі пазітыўна.

Па словах Сяргея Марцалева, зараз бачна тэндэнцыя, калі беларускія ўлады падштурхоўваюць нязгодных з палітыкай існуючага рэжму да выезду за мяжу. Так было з Ірынай Халіп, якой намеснік начальніка ГУУСа Менскага гарадскога выканаўчага камітэта настойліва прапанаваў не вяртацца ў Беларусь. Марцалеў падкрэсліў, што мае цвёрды намер вярнуцца на Радзіму, калі дазвол на выезд за мяжу ўсё ж будзе атрыманы.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск