Мікалай Статкевіч пра кампанію 2015 года
“Мэтай прэзідэнцкай кампаніі можа быць толькі перамога, інакш, калі яшчэ можна ставіць такую задачу? Але, магчымая і мінімальная мэта – забяспечыць перамогу ў бліжэйшай будучыні”, – лічыць кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень Мікалай Статкевіч.
Матэрыял быў падрыхтаваны ў канцы чэрвеня 2014 года.
Плануючы любую палітычную кампанію, трэба пачынаць з фармулявання яе агульных мэтаў. Далей, ацэньваюцца ўмовы, у якіх будзе праходзіць кампанія, і фармулююцца задачы, якія неабходна вырашыць, каб дасягнуць пастаўленай мэты ў такіх умовах.
Мэтай прэзідэнцкай кампаніі можа быць толькі перамога, інакш, калі яшчэ можна ставіць такую задачу? Але, магчымая і мінімальная мэта – забяспечыць перамогу ў бліжэйшай будучыні.
Дасягнуць гэтых мэтаў у нашых умовах вельмі складана, бо рэальных выбараў у Беларусі даўно няма. Замест іх праводзіцца рытуал, які імітуе выбары.
У такіх умовах дасягнуць перамогі дэмакратыі магчыма толькі праз ціск на ўладу шляхам масавых акцый. Мінімальная мэта, ў такім выпадку, дасягаецца нанясеннем рэжыму непрымальнага палітычнага, міжнароднага і маральнага ўрону. Усе выбарчыя кампаніі ўсіх відаў павінны быць прысвечаны падрыхтоўцы, а прэзідэнцкая – вываду на вуліцы як мага большай колькасці людзей.
Кіраванне гэтымі людзьмі можа ажыццяўляць толькі “адзіны” кандыдат у прэзідэнты, бо усе астатнія апазіцыйныя лідэры могуць быць прэвентыўна арыштаваныя. Арыштаваць ж “адзінага” да выбараў – значыць, сарваць ўвесь спектакль. У такім выпадку, яго не трэба было б і ладзіць.
Без “адзінага” не можа быць, нават гіпатэтычна, пераходу сілавікоў і чыноўнікаў, якім патрэбна «персаналізаваная» альтэрнатыва для вядзення перамоваў, а без гэтага перамога магчымая толькі ў выпадку поўнай дэмаралізацыі сілавых структур.
Зыходзячы з гэтага, неабходна сфармуляваць патрабаванні да патэнцыйнага кандыдата і вызначыць такую працэдуру яго выбараў, якая дазволіла б абраць «адзіным» чалавека, здольнага дасягнуць мэтаў кампаніі.
Праблема беларускай апазіцыі ў тым, што яна сфарміравана на базе палітычных партый, якія ў першай палове 90-х гадоў ствараліся для ўдзелу ў выбарах. Апынуўшыся ў сітуацыі, калі выбарчая сістэма ператварылася ў муляж, гэтыя партыі працягваюць рабіць тое адзінае, што ўмеюць – праводзіць выбарчыя кампаніі. Абараніць сваю перамогу ад брутальных фальсіфікацый яны не ў стане. Як правіла, іх лідэры, будучы палітыкамі нядрэннага ўзроўню, не валодаюць неабходнымі якасцямі для дасягнення перамогі ва ўмовах адсутнасці выбараў. У тым ліку, неабходнейшай з такіх якасцяў – здольнасцю да самаахвяравання.
Гэта пацвярджаюць вынікі ўсіх прэзідэнцкіх кампаній, пачынаючы з 2001 года, калі кандыдаты адмаўляліся выходзіць на плошчу, прыходзілі туды з вялікім спазненнем ці каяліся перад Лукашэнкам ў сваіх памылках пасля выбараў.
Асаблівасцю кампаніі 2015 года будзе тое, што яна пройдзе ва ўмовах рэальнай пагрозы анэксіі з боку Расеі. У такой сітуацыі апазіцыі, магчыма, прыйдзецца адмовіцца ад барацьбы за перамогу падчас выбараў. Але, ёсць небяспека, што апазіцыйны кандыдат выкарыстае гэта, як падставу, каб не рызыкаваць і не змагацца нават за дасягненне задачы-мінімум – нанясення непрыймальнага ўрону кіруючаму рэжыму.
Падзеі могуць выглядаць так: дастаткова свабодная, па беларускіх мерках, агітацыйная кампанія – вельмі мірная, спакойная і статычная акцыя пратэсту, якая спыняецца сама, без сілавых дзеянняў улады – звычайныя фальсіфікацыі, але з меншым працэнтам галасоў, адведзеных Лукашэнку – прызнанне міжнароднымі назіральнікамі выбараў несвабоднымі і недэмакратычнымі, але з «адчувальным прагрэсам у правільным кірунку» – змяншэнне, а пасля і адмена міжнародных санкцый супраць рэжыму – канчатковая дэградацыя існуючай партыйнай апазіцыі.
(Дарэчы, гэта – план кампаніі 2010 года, распрацаваны уладай 4 гады таму. Тады гэты план рэалізаваны не быў, рэжыму быў нанесены істотны ўрон, але тыя апазіцыйныя лідэры, што засталіся на волі, не здолелі развіць гэты поспех).
У сувязі з тым, што рукі ў апазіцыі ў 2015 годзе могуць быць звязаныя расійскай пагрозай, каб не дапусціць паспяховай рэалізацыі сцэнара ўлады, распрацаванага ў 2010 годзе, прапаную вылучыць кандыдатам у прэзідэнты апазіцыйнага лідэра, які мае «палітычную судзімасць» ці нават які знаходзіцца па палітычных матывах у турме. У выпадку прагназуемай адмовы ўлады зарэгістраваць такога кандыдата, апазіцыя магла б разгарнуць акцыі пратэсту падчас агітацыйнай кампаніі (не чакаючы дня галасавання), а затым аб\’явіць пра байкот выбараў і аб непрызнанні самога факта выбараў. Гэта дазволіць апазіцыі захаваць свой аўтарытэт і нанесці рэжыму маральны і палітычны ўрон.
P.S. Многія перабольшваюць рашучасць Лукашэнка абараняць незалежнасць Беларусі. Беларусь для яго – маёмасць, якім ён можа валодаць або прадаць яе. І хоць гэту маёмасць ён захапіў незаконна, любыя спробы адабраць яе выклікаюць у яго натуральны пратэст і нежаданне аддаць захопленае. Але, калі сітуацыя будзе змушаць прадаць гэта «маёмасць», ён пагодзіцца. Таму апазіцыя абавязаная працягваць барацьбу супраць рэжыму, хоць і з улікам новых геапалітычных рэалій, якія многія прагназавалі 20 гадоў таму…
Магілёў, турма №4 Мікалай Статкевіч
чэрвень 2014