Актуальна

Мікалай Статкевіч пра "выбары" на Данбасе

Мікалай Статкевіч адгукнуўся на паведамленні афіцыйнай прэсы аб «выбарах» на Данбасе.

У Беларусі расейскае тэлебачанне займае пануючае становішча ў эфіры. На галовы і вушы мільёнаў беларускіх грамадзянаў штодня абрушваецца лавіна маны пра падзеі ва Украіне. На паведамленні аб высокай актыўнасці грамадзянаў на так званых «выбарах» у кантралюемых сепаратыстамі рэгіёнах Данбаса адгукнуўся ў лісце Мікалай Статкевіч.

«Сёння (03.11) па TV увесь дзень кажуць пра высокую актыўнасць і чэргі на выбарчых участках на Данбасе. Называлі лічбы, што там адкрыта болей, чым 400 выбарчых участкаў на 4 мільёны выбаршчыкаў.

Пра чэргі веру, бо ў нас на ~ 7,5 млн выбаршчыкаў — каля 7 тысячаў участкаў, што адпавядае сусветнай практыцы: 1 участак на 1 тысячу выбаршчыкаў. Безумоўна, участкі бываюць розныя — і на 100 выбаршчыкаў, і на 2,3 тысячы. Але апошняя лічба — гэта максімум, што я сустракаў. А ў гэтых, у сярэднім — 10 тысяч выбаршчыкаў на ўчастак. Але ж гэта — у сярэднім, і павінны быць участкі з большай колькасцю. 

І кажуць, што прагаласавала болей за палову. Лічу, што такое нават тэхнічна немагчыма. Затое, малая колькасць участкаў дапамагае стварыць «карцінку» актыўнасці электарату.»

Мікалай Статкевіч быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на мінулых выбарах. Арыштаваны ў дзень галасавання, асуджаны па надуманным абвінавачванні да 6-ці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У студзені 2012 года быў пераведзены на турэмны рэжым. Ужо амаль тры гады знаходзіцца ў магілёўскай турме. Міжнароднай супольнасцю прызнаны вязнем сумлення.

preload imagepreload image