Мікалай Статкевіч віншуе беларусаў з Днём Волі
“Хачу павіншаваць вас з Днём Волі. Мне падабаецца, што гэта слова ў нашай мове мае два сэнса – без волі не будзе волі!” – гаворыцца ў лісце Мікалая Статкевіча.
Перапіска палітзняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча часткова блакуецца, распавядае былы кіраўнік яго перадвыбарчага штабу Сяргей Марцалеў. Статкевіч, які за ўдзел у Плошчы 2010 года асуджаны на 6 гадоў зняволенння, зараз утрымліваеццца ў турме №4 Магілёва ва ўмовах жорсткіх абмежаванняў:
– Каля двух тыдняў таму я напісаў яму ліст. Улічваючы тое, што ліст ідзе два дні, я ўжо згубіў надзею атрымаць адказ. Падумаў, мабыць ён не можа напісаць па нейкіх прычынах. І вось праз два тыдні прыходзіць адказ, у якім Мікалай Віктаравіч піша, што замест майго ліста яму аддалі пусты канверт з грыфам “не прайшло цэнзуру”. Хоць ліст быў, на мой погляд, напісаны ва ўмераных танах. Нічога крамольнага я не пісаў.
Сяргей Марцалеў кажа, што тым не менш, Мікалай Статкевіч падзякаваў яго за спробы пісаць лісты, што ва ўмовах турмы з\’яўляецца не проста інфармаваннем, а маральнай падтрымкай. А таксама, падкрэсліў Сяргей Марцалеў, ён павіншаваў і мяне, і ўсіх беларусаў з Днём Волі. “Хачу павіншаваць вас з Днём Волі. Мне падабаецца, што гэта слова ў нашай мове мае два сэнса -без волі не будзе волі!” – гаворыцца ў лісце Мікалая Статкевіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск