Мікалай Статкевіч. Выступ на мітынгу ў абарону незалежнасці

Я удзячны вам, что вы прыйшлі. Нас палохалі, палохаюць і будут палохаць. Нават учора скінулі інфармацыю пра тысячу ментоў і гэтак далей.

Не бойцеся! Яны баяцца болей нас цяпер, чым мы іх. Я праехаў зараз усю Беларусь. 19 гарадоў, 19 такіх мітынгаў. Сотні і сотні людзей размаўлялі са мной. Я магу вам сумленна сказаць: нас міліоны. Нас 90-95 адсоткаў супраць гэтай жалкай купкі, якая села нам на шыю.

Сябры, зараз адбываецца самае жахлівае. Гэтыя людзі, якія нажываюцца на тым, што рабуюць нас — ім стала не хапаць. Абрабавалі Беларусь, людзі з’язджаюць, няма з каго браць. Яны пачалі прадаваць нашу краіну.

Зараз мы даведаліся, што ідзе гандаль. Лукашэнка гандлюе Беларусью. Ён потым пнецца і кажа: “Я нікогда не атдам, незавісімасць — святое”. Ведаеце, тут з Зельвы чалавек быў. Калі некалі ў Зельве на ярмарцы, дзе каней прадавалі, цыган стаяў з кабылай і казаў “Я  ніколі гэтую кабылу не прадам, яна такая цудоўная”, любы самы дурны мужык ведаю: кабыла прадаецца. Як кабылу прадае нас. Якое мае права гэты чалавек, калі яго можна назваць чалавекам?! Прадаваць нашу зямлю, наш народ, нашу дзяржаву. Яна паліта кроўю мільёнаў. І зараз, каб проста застацца пры ўладзе, каб утрымліваць свае 200 тысяч “праваахоўнікаў”-дармаедаў, ён гандлюе краінай.

Ён зрабіў усё магчымае, каб мы сталі таварам. Ён не дае нам зрабіцца нацыяй. Ён хавае нашу гісторыю. Ён знішчыў беларускую мову. Таму што Чэрчыль сказаў: мова і гісторыя бароняць краіну болей за армію. Ён спрабуе пераўтварыць людей у пакорлівых рабоў, якім бы было ўсё роўна, куды іх прададуць і каму аддадуць.

Я ездзіў, размаўляў з людзьмі. Бачыў страх. Сапраўды, ці здольныя яны падняцца за сваю краіну, калі яе будуць здаваць? Гэта пытанне.

Але, з другога боку, ёсць надзея. Я раскажу крыху пра апошнюю сустрэчу, яна была ўчора ў Светлагорску. Пятая сустрэча на Гомельшчыне. Яны падрыхтаваліся, нагналі кучу тролей. І па ўсім горадзе, па ўсіх гэтых хімічных заводах, людзей папярэджвалі: прыйдзеце да Статкевіча — звольнім з працы. Кантракт. Пайшла такая тэндэнцыя па гарадах.

І ведаеце: стаяла амаль трэць тролей. Але што здзівіла: вельмі шмат дзяцей. Малых дзяцей. 10-12 год. І потым гэтыя дзеці сталі падыходзіць і задаваць пытанні. Дарослыя пытанні. Маленькая дзяўчынка падыходзіла і гаварыла: “Моя мама передала, что она вас поддерживает”. Хлопчык 12 год недзе задае пытанне: “А скажите, когда вы станете президентом (яны вырашылі, што калі так баяцца, то будзе наступны прэзідэнт): якая будзе зарплата на заводзе. Яшчэ адзін хлопчык пытаецца: “А закроете ли вы этот завод, который нас травит?” Разумееце? Людзі маюць надзею. Яны хочуць ведаць: здолеем лі мы нешта разам зрабіць. Яны баяцца прыйсці самі, яны адправілі сваіх дзяцей даведацца, ні ёсць надзея? Я не ведаю, радавацца гэтаму ці плакаць.

Потым пачалі падыходзіць падлеткі. Яны пачалі здымацца і гаварыць: Вот следующий президент”. І ведаеце, я глядзеў на іх і думаў: калі мы здамо гэту краіну, што мы пакінем ім? Яны ўжо зараз мараць з’ехаць. Калі з’едуць, ці будзе куды вярнуцца? Ці будзе Беларусь? Хто тут панаедзе?

Наш абавязак перад сумленнем, перад дзецьмі — захаваць краіну, прыбраць гэтага злачынцу ад улады.

Людзі, гартуймася, рыхтуймася! Мы павінны паказаць нашу волю і рашучасць. Тады ніхто не стане нават купляць гэту краіну ў нас, таму што тады ён купіць сабе пекла. Будзем бараніць Беларусь. Будзем рыхтаваць сабе і сваіх блізкіх і сяброў. На нас, на тых, хто не баіцца, ляжыць гэта адказнасць, каб Беларусь жыла.

Я маю надзею, я маю ўпэўненасць: мы не аддадзім гэтую краіну нікому. Беларусь будзе жыць.

Жыве Беларусь!