Навіны

Мікалая Статкевіча палохаюць чарговым спагнаннем

… Намеснік па ідэалогіі пытаўся, які ШІЗА мне болей спадабаўся, тут ці ў Шклове…

Пасля працяглага перапынку жонка Мікалая Статкевіча атрымала адразу два лісты ад мужа. “Лісты ад 11-га і 15-га кастрычніка адпраўленыя з Магілёва ў адзін дзень – 19-га, тады як закон дазваляе трымаць іх дзеля цэнзуры не больш, за тры дні, – кажа Марына Адамовіч, – таму і ўтварыўся такі доўгі перапынак у ліставанні. Дарэчы, Мікалай у лісце заўважыў, што істотна павялічыўся тэрмін “праходжання” да яго лістоў ад мяне і ад дзяцей. Не ведаю, з чым гэта звязана”.

Палітвязень паведаміў, што працягваюцца спробу “палохаць” яго спагнаннямі. Марына Адамовіч кажа, што ў лісце Мікалай узгадаў спробу пакараць яго за тое, напрыклад, што ён  падсушвае чорны хлеб, а не трымае яго ў пакеце. “Хлеб тут выдаюць з раніцы на ўвесь дзень адным кавалкам (кавалак белага і кавалак чорнага). Чорны хлеб кепскай якасці, яўна не адпавядае ГОСТу нават з-за вільгаці. Я разрэзваю пластмасавым нажом на лусты і пакідаю адкрытым, каб падсох і яго можна было есці. Бо звычайна асуджаныя ядуць ад яго толькі коркі” – працытавала Марына.

Мікалай патрабуе выканання закону ў дачыненні да зняволеных. Ужо шмат разоў уздымаў пытанне  і піша, што чакае цяпер, пакуль яго забяспечаць тым, што павінны выдаваць штомесяц у адпаведнасці з законам, і што ні разу за 9 месяцаў не выдалі, хаця грошы вылічваюць з вайсковай пенсіі спраўна. Маецца на ўвазе рэчавае забяспечанне, – патлумачыла жонка. – Бо ў турме кожнаму вязню павінны забяспечыць мінімальны набор гігіенічных прыналежнасцяў: мыла, туалетную паперу, зубную пасту, аднаразовыя брытвы.

Акрамя таго, палітвязень узгадаў, што пасля візіту нунцыя яму паабяцалі, што будуць выводзіць да праваслаўнага святара. Але да 15-га сітуацыя не памянялась… Затое, як паведаміў Мікалай Віктаравіч, намеснік па ідэалогіі, які даў гэта абяцанне, настойліва цікавіўся, які ШІЗА яму болей спадабаўся, тут ці ў Шклове. Марына кажа, што палітвязень успрыняў гэта, як спробу пагрозы “ў здзеклівай форме”.

Жанчына турбуецца таксама, што на той момант у Магілёве не далі яшчэ ацяпленне ў турме і было холадна ў каменных мурах. “Але ж часу прайшло багата, і, спадзяюся, сітуацыя памянялася. Зрэшты, зімовыя ватоўкі і шапкі зняволеным ужо выдалі і таму холад не такі страшны”, – кажа Марына.