Міністр абароны адказаў на запыт БНК

Міністр абароны адказаў на запыт прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэса:

Учора мною атрыманы Ваш зварот.

На пытанні, накіраваныя Вамі ў адрас Міністэрства абароны, паведамляю наступнае:
1. Рэспубліка Беларусь – суверэнная незалежная дзяржава са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, сярод якіх адным з галоўных, стратэгічных з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу краіны. 
Інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з\’яўляецца вымыслам. Падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся.
2. Беларуская армія – арганічная непадзельная частка свайго народа. Яе афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатоў абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі. Гэта адна з прычын, чаму Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь карыстаюцца высокім даверам у грамадстве, а іх афіцэрскі корпус – надзейны і здатны выканаць задачы па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь.
3. Сістэма ідэалагічнай работы, у тым ліку патрыятычнае выхаванне ваеннаслужачых, уключаючы афіцэраў, забяспечвае падтрыманне высокага маральнага духу ваеннаслужачых і іх гатоўнасць абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу.
4. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь – гэта армія беларускага народа. І ні ў каго не павінна быць сумненняў, што пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, у Беларусі і надалей будуць надзейна абаронены галоўныя каштоўнасці беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу, а значыць – мір, стабільнасць і бяспека.
Такім чынам, выказаныя Вамі сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме, беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе забеспячэння бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі.

Міністр абароны 
Рэспублiкi Беларусь
генерал-лейтэнант А.А.Раўкоў

Адказ міністра размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства абароны.