Навіны

"Нам не заўсёды стае гэтае адказнасці"

Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, атрымала адказ ад Міколы Статкевіча на віншаванне з Днём беларускай вайсковай славы. Зместам адказу яна падзялілася з намі.

Спадарыня Наталля паслала віншаванне на адмысловай паштоўцы з выявай Грунвальдскай бітвы. Мабыць, выявай і быў абумоўлены змест адказу палітвязня. Прыводзім яго без зменаў.

“Шаноўная Наталля!

Дзякуй за віншаванне, за добрыя пажаданні і за вельмі цікавую паштоўку!

Адна з адметнасцяў Грунвальдскай бітвы – гэта тое, што ў пераможнага войска было два кіраўнікі. Гэта лічаць рызыкоўным фактарам. Недарэмна потым Напалеон казаў, што лепей адзін кепскі ваенаначальнік, чым два добрых. Але старыя ворагі Вітаўт і Ягайла выявілі тады дастаткова адказнасці за лёс сваіх народаў і здолелі абвергнуць гэтае правіла. На жаль, нам не заўсёды стае гэтае адказнасць. Мо, мы проста недаацэньваем небяспеку?

З павагай і ўдзячнасцю,

М. Статкевіч                                                                                                    18.09.2012 г.”