“Непазбежныя перамены блізка”. Заява Рады БНК
3 жніўня ў Мінску адбылася Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса, якая абмеркавала стратэгію дзеянняў на бліжэйшы перыяд, у тым ліку, бліжэйшую парламенцкую кампанію. Рада прыняла шэраг дакуменаў. Прапануем тэкст Заявы Рады БНК:
НЕПАЗБЕЖНЫЯ ПЕРАМЕНЫ БЛІЗКА
Паразітарная дыктатура, пабудаваная Лукашэнкам, губляе свой падмурак. Крэмль згортвае датацыі мінскаму рэжыму і патрабуе здачы суверэнітэта для іх захавання.
Лукашэнка пакуль спрабуе ўпірацца. Але ён згубіў падтрымку народа і панічна баіцца рэформ. А без расійскіх грошай нерэфармаваную беларускую эканоміку чакае непазбежны крах.
Лёс “суверэннай” дыктатуры прадвызначаны. Перамены непазбежныя. У таямніцы ад народа ўжо ідуць інтэнсіўныя перамовы аб умовах здачы Беларусі.
Перад намі два шляхі. Альбо дазволіць дыктатару прадаць нашу краіну. Альбо вызваліць яе і пабудаваць новую паспяховую Беларусь.
Беларускі Нацыянальны Кангрэс выкарыстае ўсе мажлівасці для абароны незалежнасці і мірных перамен. У тым ліку мы скарыстаемся дзеля іх працэдурамі “выбарчых” кампаній рэжыма.
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!