Нязломны Мікола Статкевіч – чарговы дзень народзінаў у зняволенні

Ён адзіны кандыдат у прэзідэнты, які адмовіўся прасіць Лукашэнка аб памілаванні, і дагэтуль застаецца ў зняволенні.

Чацвёрты год запар экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі адзначае свой дзень народзінаў за кратамі. Сёння яму спаўняецца 58 гадоў.

Увесь час турэмнае начальства калоніі спрабуе зламаць Міколу Статкевіча: яго рэгулярна кідаюць у карцар, саджаюць у адну камеру з хворым на СНІД, не аказваюць патрэбнай меддапамогі, абмяжоўваюць у перадачах, адмаўляюць у сустрэчах са сваякамі.

Мікола Статкевіч прызнаны арганізацыяй «Міжнародная амністыя» вязнем сумлення.

Ён быў арыштаваны ўвечары 19 снежня 2010 года і асуджаны на 6 гадоў па артыкуле аб масавых беспарадках.

Кожны год да словаў салідарнасці і пажаданняў далучаюцца беларускія і еўрапейскія грамадскія дзеячы, палітыкі і неабыякавыя грамадзяне. Тры гады запар дзень нараджэння Міколы Статкевіча адзначаюць салютам.

Павіншаваць палітыка можна праз старонку, а таксама па адрасе: 212011, г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма №4.

У фільматэцы «Белсату» – фільм-партрэт аўтарства Андрэя Кісяля і Вячаслава Ракіцкага «Дарога Статкевіча».

Белсат ТВ