Палітвязень Арцём Пракапенка сустрэўся з бацькамі

У Магілёўскай папраўчай калёніі № 15 палітвязень Арцём Пракапенка сустрэўся з бацькамі. На спатканьне з асуджаным сынам Віялеце і Анатолю Пракапенкам далі адны суткі. Арцём у калёніі лічыцца злосным парушальнікам рэжыму і на даўжэйшае спатканьне ня мае права. Паводле бацькоў, сын не спадзяецца на датэрміновае вызваленьне і дзякуе ўсім, хто яго падтрымлівае на волі. 

Апошні раз бацькі мелі доўгатэрміновае спатканьне з Арцёмам год таму. Маці зьняволенага зазначае, што ён дужа зьмяніўся. Схуднеў. Мусіў абмежаваць заняткі спортам, бо зьявіліся праблемы са здароўем:

«Твар стаў дужа худы. Суставы баляць, і ён перастаў праз гэта спортам займацца, — апавядае Віялета Пракапенка. — Спраўнейшым выглядаў раней, відаць, дзякуючы цягліцам. А калі кінуў спорт, цягліцы „сышлі“, і адразу на пяць кіляграмаў схуднеў. З зубамі вялікая праблема. Ён як усьміхнуўся, я паглядзела, што там адны дзіркі. За гэты год усе зубы „паляцелі“. Ён так кажа. Вітамінаў жа там няма. Ні садавіны, ні гародніны цэлы год».

Да турэмнай ежы за тры з паловай гады зьняволеньня Арцём прызвычаіўся, кажа спадарыня Віялета. Паводле яе, сын ня есьць ні мяса, ні рыбы — трымаецца гэтай дыеты і ў вязьніцы. Нешта гатуе сабе сам, нешта спажывае з турэмнага, пераказвае аповед сына спадарыня Віялета. З Арцёмавых слоў, апошнім часам у калёніі на сьняданак пачалі даваць малочныя кашы, якія яму дужа прыдаюцца.

Хуткага вызваленьня Арцём не чакае. Прапановамі напісаць просьбу аб памілаваньні яго не даймаюць. Нямала сядзельцаў амніставалі, апавёў ён маці, але яго гэта не закранула. Тры з паловай гады Арцём займае верхнія нары, просьбы даць яму ніжнія застаюцца без задавальненьня, кажа спадарыня Віялета. Што да датэрміновага вызваленьня сына, то яна зазначае:

«Яны ж нават не даюць шанца яму раней выйсьці. Як толькі сканчаецца тэрмін статусу „злоснага парушальніка рэжыму“, зноў яго навешваюць. Ні за што. Гэта ж зьдзек. У верасьні быў бы год, як у яго не было б пакараньняў. І вось пару тыдняў таму яму новае пакараньне павесілі, каб ён з гэтага статусу злоснага парушальніка рэжыму ня выйшаў. Лічыць сябе, вядома ж, палітычным. Сказаў, што буду даседжваць, як атрымліваецца. Працы ў калёніі няма. Кажа, што ў асноўным чытае».

Віялета Пракапенка кажа, што сын выпісвае багата газэт. Радыё Свабоду ў калёніі злавіць не ўдаецца, хоць намаганьні і прыкладаюцца. У іншых калёніях гэта ўдаецца зрабіць. Там Свабоду слухаюць, казаў Арцём маці:

«У некаторых калёніях слухаюць Радыё Свабода, ён так кажа. І нават я неяк выступала, дык ён сказаў, што слухалі цябе і мне потым пераказалі. Арцём, вядома ж, удзячны ўсім, хто памятае яго і падтрымлівае. Для яго дужа важная гэтая падтрымка. І ў газэтах пра яго пішуць, дык чытаюць тады ўсе».

Наступнае доўгатэрміновае спатканьне родных з Арцёмам адбудзецца ў студзені.

Арцёма Пракапенку зь Яўгенам Васьковічам ды Паўлам Сырамалотавым у 2011 годзе асудзілі на сем гадоў зьняволеньня за напад на будынак Бабруйскага КДБ з выкарыстаньнем бутэлек з «кактэйлем Молатава». У апошнім сваім слове на судзе Арцём прызнаў віну, але на вырак гэта не паўплывала. У 2013 годзе Паўла Сырамалотава вызвалілі, пасьля таго як ён напісаў просьбу аб памілаваньні. Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч такі зварот пісаць адмаўляюцца.

Беларускія праваабаронцы лічаць Арцёма Пракапенку ды Яўгена Васьковіча палітвязьнямі. Яны заяўляюць, што прысуд хлопцам вынесены непрапарцыйна жорсткі.

Радыё Свабода